Міліцыя зацікавілася: адкуль такія надоі?


Як у справаздачах маглі вырасці надоі, калі пагалоўе скарацілася на 30 %?

Як паведаміў на прэс-канферэнцыі 13 сакавіка ў Менску начальнік галоўнага ўпраўлення барацьбы з эканамічнымі злачынствамі МУС Эдуард Нікіцін, праваахоўныя органы спрабуюць даведацца, “за кошт чаго выраслі надоі малака на карову, калі пагалоўе асноўнага статку ў 2011 годзе скарацілася на 30 %, а сукупныя надоі малака – усяго на 1,2 %”.

“Зразумела, што дзяржава робіць захады дзеля будаўніцтва, мадэрнізацыі малочнатаварных фермаў, дзеля развіцця тэхналогіяў, збалансаванасці кармоў. Гэта правільна, гэта мусіць павялічваць прадукцыйнасць. Але разам з тым нашая задача – паглядзець, ці няма тут нейкіх супярэчнасцяў, вырашэнне якіх уваходзіць у нашую кампетэнцыю”, – адзначыў Нікіцін.

Праваахоўнікаў таксама цікавіць, за кошт чаго экспарт мяса і мясапрадуктаў у Беларусі вырас на 12,7 %, калі сельскагаспадарчыя арганізацыі вырабілі на забой на 7,8 % больш, чым летась, а ў харчовай прамысловасці мяса і мясапрадуктаў стала больш толькі на 4,8 %. “Дзе розніца 6 %?” – задае пытанне прадстаўнік МУС.

Нікіцін паведаміў, што нядаўна ў Менскай вобласці распачалі крымінальную справу ў дачыненні ветэрынара сельскагаспадарчай арганізацыі, які ў змове з загадчыцаю малочнатаварнай фермы за хабар паставіў дзвюм абсалютна здаровым каровам дыягназ “пералом ног”, і “гэтыя каровы паспяхова адправілі ў Расею з адпаведнымі мэтамі”. Падчас расследавання ўсталявалі, што такім чынам рэалізавалі больш за 60 нібыта хворых кароў.

belsat.eu

Стужка навінаў