У Менску для школьнікаў увялі бясплатны праезд


Рашэнне прынялі пасля прамовы Аляксандра Лукашэнкі на Усебеларускім сходзе.

“Нават самыя багатыя дзяржавы не могуць дазволіць сабе такія ільготы, што былі ў нас раней. Так што давайце закрыем гэтае пытанне – ільготы нікому не вернуць, – сказаў у прамове Аляксандр Лукашэнка. – А тое, што школьнікаў прымусілі плаціць за праезд, – лухта. Мне дакладваюць, што кантралёры шкадуюць школьнікаў і з іх грошы на праезд не бяруць увогуле”.

Рашэнне Менсктранс прыняў спантанна 7 снежня. Школьнікаў, якія ўжо набылі праязныя білеты на месяц, пра змены не папярэдзілі. Намесніца рэдактара газеты “Народная воля” Святлана Калінкіна кажа, што калі журналісты патэлефанавалі ў Менгарвыканкам пасля выступу Лукашэнкі, дык там паведамілі, што пра бясплатны прыезд нічога не чулі. Наступны званок быў у “Менсктранс”. Там па каментары параілі звяртацца да таго, хто даваў абяцанне.

Як адзначыла крыніца з “Менсктрансу”, бясплатны праезд для школьнікаў вырашылі зрабіць на некалькі месяцаў. Менавіта таму ільготны праезд вырашылі не ўводзіць, бо трэба будзе друкаваць новыя квіткі, а гэта прадпрыемству невыгодна.

Афіцыйная ж версія іншая: “Рашэнне прынятае бестэрмінова. Дзеці, якія атрымліваюць агульную сярэднюю адукацыю, атрымалі права на бясплатны праезд у грамадскім пасажырскім транспарце, апрача таксі”, – гаворыцца ў прэс-рэлізе “Менсктрансу”.

Фармальна бясплатны праезд мусіць быць і ў маршрутках. Аднак транспартныя кампаніі да гэтага не гатовыя. Дырэктар ПУП “Сталічныя перавозкі” Аляксандр Мартынец паведаміў у інтэрв’ю “Белсату”: “Мы чакаем, што “Менсктранс” прыме дадатковае рашэнне, паводле якога маршруткі выключаць са спісу бясплатнага транспарту для школьнікаў. Нават калі існавалі ільготы, нашыя пасажыры, незалежна ад узросту і сацыяльнага палажэння, плацілі поўны кошт. На гэтым мы настойваем і сёння”.

Недарэчнасць сітуацыі яшчэ і ў тым, што вучні не атрымліваюць адмысловых дакументаў, якія пацвярджаюць іхны статус. Таму кантралёрам будзе няпроста адрозніць 11-класніка ад студэнта універсітэту.

belsat.eu

Стужка навінаў