Апытанне: Ці гатовыя вы даверыць свае грошы “МММ”?


Журналісты “Белсату” запыталі жыхароў сталіцы, ці вераць яны ў поспех фінансавай піраміды “МММ”, офіс якой адчыніўся ў Беларусі напрыканцы лютага.

Як высветлілася, ніхто з апытаных не верыць “МММ”. Толькі адна рэспандэнтка засумнявалася: “Фінансавым пірамідам увогуле не давяраю, але калі беларуская… трэба падумаць”.

Офіс “МММ-2011” афіцыйна пачаў дзейнасць у Беларусі сёлета 21 лютага. Мае кансультантаў у Менску, Гомлі, Горадні, Магілёве і Наваполацку. Улады дзейнасці фінансавай піраміды не перашкаджаюць. Начальнік галоўнага кіраўніцтва барацьбы з эканамічнымі злачынствамі МУС Беларусі Эдуард Нікіцін 13 сакавіка паведаміў на прэс-канферэнцыі, што скаргаў на дзейнасць офісу “МММ-2011” у Менску не было.

“Пакуль у нас няма інфармацыі, што чыёсьці права парушанае. Мы будзем прапрацоўваць гэтую тэму супольна з падатковымі органамі”, – сказаў Нікіцін. Паводле яго, падрабязнай інфармацыі пра дзейнасць арганізацыі ў беларускіх праваахоўнікаў пакуль няма. “Незразумела, што такое “МММ”: няма статуту, я не бачыў аніякіх дакументальных абавязкаў, усё пабудавана на адносінах даверу, аніякіх гарантыяў не даюць”, – адзначыў Нікіцін.

belsat.eu

Стужка навінаў