МЗС нагадвае пра інтарэсы еўрапейскіх бізнесоўцаў


Беларускі бок разлічвае, што падчас прыняцця рашэння аб увядзенні эканамічных санкцыяў супраць Беларусі Еўразвяз “улічыць інтарэсы бізнесу”. Пра гэта заявіў намеснік міністра замежных справаў Аляксандр Гур’янаў на прэс-канферэнцыі ў Менску 13 сакавіка.

“У сучасным вонкавым гандлі інструмент эканамічных санкцыяў і абмежаванняў не ёсць прымальным і прадуктыўным. Мы разлічваем, што падчас прымання рашэння аб увядзенні эканамічных санкцыяў Еўразвяз будзе ўлічваць інтарэсы бізнесу”, – сказаў намеснік міністра.

Беларусь, падкрэсліў ён, са шкадаваннем паставіцца да санкцыяў эканамічнага характару з боку Еўразвязу. “Асабліва з увагі на тое, што ЕЗ сам пацярпеў ад эканамічных праблемаў”, – дадаў Гур’янаў. Паводле яго, у выпадку ўвядзення санкцыяў панясе страты ў тым ліку бізнес краінаў еўразоны.

Намеснік міністра нагадаў, што паміж Беларуссю і Еўразвязам навязаныя шчыльныя і прадуктыўныя гандлёвыя дачыненні. У 2011 г. таваразварот склаў 25 млрд долараў з пераважнаю доляю беларускага экспарту. Сальда для Беларусі ў гандлі з ЕЗ склалася станоўчае на 7,5 млрд долараў, доля Еўразвязу ў беларускім экспарце ў параўнанні з 2010 г. павялічылася ад 30 да 39 %.

Апрача таго, падкрэсліў прадстаўнік МЗС, у перыяд крызісу 2009–2010 гг. Беларусь не спыніла сваіх гандлёвых кантактаў з Еўразвязам. Еўрапейскія прадпрыемствы “фактычна выжывалі дзякуючы кантактам з Беларуссю”, сцвярджае Гур’янаў.

belsat.eu

Стужка навінаў