Раман Пратасевіч: У пастарунку абяцалі дадаць «вісякоў»


Падчас учорашняга інцыдэнту з затрыманнем шведскіх журналістаў Раману Пратасевічу, у якога тыя бралі інтэрв’ю, пагражалі “вісякамі” ды абяцалі “выклікаць псіхушку”.

Рамана Пратасевіча затрымалі разам з журналістамі ды ўтрымлівалі ў РУУС Маскоўскага раёну Менску недзе з паўгадзіны. Маладзён вырашыў дачакацца вызвалення журналістаў, каб аддаць ім мікрафон, і яго адразу ж затрымалі зноў.

“Спрабавалі аказаць нейкі ціск. Ім патрэбная была інфармацыя, якой я нават не меў, – распавядае Раман Пратасевіч. – Сілы да мяне не ўжывалі, але гучалі пагрозы “выклікаць псіхушку”, “а давай мы табе некалькі “вісякоў” павесім”. А потым сказалі: маўляў, ты адсюль не выйдзеш – мы цябе будзем выпускаць і адразу затрымліваць. І так будзеш у нас сядзець хоць да заўтра”.

Аператара Свэна Бэргмана, карэспандэнта Уляфа Крыстафэрсана, прадзюсара Ісабэль Сомэрфэльд, а таксама Іллю Кузняцова і Уладзіміра Чудзянцова, якія суправаджалі шведаў, затрымалі на плошчы Незалежнасці ў Менску 12 сакавіка, калі тыя збіраліся запісваць інтэрв’ю з адным з удзельнікаў маўклівых акцыяў пратэсту.

belsat.eu

Стужка навінаў