Леанід Злотнікаў: Зноў «сарвацца» ў інфляцыю вельмі лёгка


Камерцыйныя банкі прапаноўваюць беларусам уклады пад 50 % і нават вышэй, што выклікала сур’ёзны прыток сродкаў ад насельніцтва. Эканаміст Леанід Злотнікаў папярэджвае: у любы момант сітуацыя можа стаць цалкам супрацьлеглая. Адток грошай з банкаў і масавае скуплянне валюты могуць прывесці да чарговага крызісу. “У такой сітуацыі, у якой аказалася краіна, вельмі лёгка “сарвацца” ў інфляцыю, і тады яна будзе прыкладна такая ж, як і летась”, – мяркуе эксперт.

“Насельніцтва і спекулянты пачалі актыўна ўкладаць грошы ў дэпазіты, у банках з’явіліся вольныя грошы, якія няма куды ўкласці, – гаворыць Леанід Злотнікаў. – У Беларусі няма такіх эфектыўных праектаў, каб укласці гэтыя грошы і не збанкрутаваць, таму цяпер банкі не ведаюць, куды падзець грошы”. Паводле эканаміста, гэтыя сродкі спрабаваў прыцягваць Нацыянальны банк, але ў выніку яшчэ больш эканоміка “напампоўвалася” грашыма.

Каб вырашыць гэтую праблему, галоўны банк краіны зніжае стаўку рэфінансавання, што ў сваю чаргу адбіваецца зніжэннем адсотку, пад які банкі прапаноўваюць уклады. “Можа распачацца адток грошай з банкаў – перадусім спекулятыўных грошай. І тады сітуацыя можа перакуліцца, і насельніцтва пачне вызваляцца ад дэпазітаў – забіраць свае грошы і вызваляцца ад беларускіх рублёў. Тады ўзляціць курс валюты”, – дадаў эксперт.

Што да магчымага ўзроўню інфляцыі, Леанід Злотнікаў падкрэслівае, што паводле планаў ураду, гэты паказчык дасягне 22 %. “Але была вельмі цікавая заява аднаго з намеснікаў міністра эканомікі – пра тое, што сёлета намінальны заробак вырасце на 70 %, а рэальны – на 5 %. Гэта значыць, што інфляцыя будзе каля 65–70 % нават паводле чаканняў Мінэканомікі”, – зазначыў эксперт.

З пачатку года інфляцыя склала 3,5 %.

belsat.eu

Стужка навінаў