Андрэй Вітушка ў «Гарачым каментары»


Беларускія дзеткі да трох гадоў цяпер будуць бясплатна забяспечвацца лекамі, якія выдаюцца паводле рэцэптаў. Апроч гэтага 50 % зніжкі атрымаюць інваліды ІІІ групы. Пра гэта на адмысловай нарадзе заявіў кіраўнік дзяржавы.

У пералік бясплатных лекаў для дзяцей да трох гадоў увайшлі 402 найменні. Такі крок мае паслужыць палёгкаю для сем’яў з малымі дзецьмі. Апроч гэтага 50 % зніжкі плануецца ўвесці на лекі для інвалідаў ІІІ групы. Да таго ж на нарадзе кіраўнік дзяржавы зазначыў, што да 2015 г. забяспечанасць насельніцтва медыкаментамі беларускай вытворчасці мае дасягнуць 50 %, бо імпартаваць замежныя дорага. На гэты момант амаль 90 % сыравіны для вытворчасці айчынных медыкаментаў імпартуецца. Пры гэтым беларускія лекі ў аптэках каштуюць прыкладна ў чатыры разы танней за імпартныя аналагі.

Паводле лекара-анестэзіёлага Андрэя Вітушкі, у гэтым кроку больш PR-у, чымся рэальнай дапамогі.

«Паводле статыстыкі, колькасць сродкаў, выдзеленых на медыцыну сёлета, не зменшылася нават у доларавым эквіваленце. Што сведчыць пра тое, што грошы знайсці можна. І на гэты крок грошай спатрэбіцца менш, чым хтосьці мог падумаць, бо лекары ў паліклініках будуць раіць купляць лекі айчыннай вытворчасці. То бок гэта проста падтрыманне айчыннай фармацэўтычнай прамысловасці», – кажа Андрэй Вітушка.

Як кажа адмыслоўца, у сітуацыі, калі ўся фармацэўтычная галіна належыць дзяржаве, такі крок – гэта проста перакладанне з адной кішэні ў другую.

belsat.eu

Стужка навінаў