Нацбанк прэзентаваў новую купюру – 200 тысяч рублёў


Банкнота з выяваю будынку Магілёўскага абласнога мастацкага музею імя Масленнікава ўводзіцца ў абарот з 12 сакавіка.

Пра гэта паведаміў журналістам намеснік старшыні праўлення Нацыянальнага банку Уладзімір Сянько.

На адваротным баку купюры – дэкаратыўны калаж з архітэктурных элементаў будынку музею.

Паводле Сянько, на банкноце прымяняліся новыя сучасныя візуальныя элементы абароны, што дазваляе распазнаць яе сапраўднасць. Акрамя гэтага, на новай банкноце застануцца ўжо вядомыя элементы абароны, якія ёсць на банкнотах у абароце. Як паведаміў намеснік старшыні Нацбанку, новую банкноту даставяць у банкі найбліжэйшым часам. Яе наклад не паведамляецца.

Каментуючы выпуск новай банкаўскай банкноты, эксперты адзначаюць: яе намінал мог бы быць і большы.

На думку былога кіраўніка Нацбанку Станіслава Багданкевіча, самая буйная банкнота магла быць і на1 мільён рублёў. «Што такое самая буйная купюра на 25 долараў? Мне здаецца, яе кошт мае раўняцца 100 доларам, а гэта ўжо больш за 800 тысяч рублёў», – падкрэсліў ён.

Фінансавы аналітык афіцыйнага партнёра «Альпары» ў Менску Вадзім Іосуб лічыць, што Нацбанк, хутчэй за ўсё, разглядаў магчымасць увядзення купюры большым наміналам, чымся 200 тыс. руб. «Выпуск новай купюры ставіць пэўную кропку ў інфляцыйных і дэвальвацыйных працэсах, якія ўжо адбыліся. Але чым большы быў бы намінал новай купюры, тым больш песімістычных водгукаў за гэтым было б услед: маўляў, сітуацыя настолькі пагоршылася, што давялося выпускаць такую купюру», – не выключае Іосуб. Імаверна, менавіта таму Нацбанк і спыніўся на максімальным намінале 200 тыс. руб., дадаў ён.

Гэтага пункту гледжання не падзяляе намеснік старшыні Беларускай навукова-прамысловай асацыяцыі Георгій Грыц. «Новыя купюры на 500 тысяч рублёў, 1 мільён рублёў – гэта шлях у нікуды. Трэба думаць не пра друкаванне новых грошай, тым больш гэта дарагое задавальненне», – падкрэсліў ён.

На думку эксперта, калі інтэграцыйныя адносіны Беларусі з краінамі Мытнага саюзу будуць развівацца тымі ж тэмпамі, што і цяпер, то, хутчэй за ўсё, у сярэднетэрміновай перспектыве ў Адзінай эканамічнай прасторы (АЭП) з’явіцца зусім новая валюта.

«Беларусь, Расея і Казахстан дамовіліся аб правядзенні ўзгодненай грашова-крэдытнай палітыкі. І логіка падказвае, што інструментам гэтай палітыкі мае быць адзіны плацежны сродак. Таму ўводзіць новыя купюры, штампаваць манеты бессэнсоўна, бо, магчыма, ужо праз 5 гадоў у нас будзе новая валюта», – падкрэсліў Грыц.

belsat.eu

Стужка навінаў