Міхаіл Пашкевіч: Мы нагадалі вайскоўцам, што выбар робіцца не на загад


Актывісты грамадзянскай кампаніі “Гавары праўду!” правялі акцыю каля ўваходу ў Цэнтральны дом афіцэраў у Менску. Яна была прымеркаваная да 4-га афіцэрскага сходу Узброеных сілаў Беларусі.

Акцыя доўжылася прыблізна 40 хвілінаў. Дзесяць прадстаўнікоў грамадзянскай кампаніі сталі ў шэраг каля ўваходу ў Дом афіцэраў, дзе ганаровая варта сустракала ўдзельнікаў афіцэрскага сходу.

Актывісты трымалі расцяжку з надпісам: “19 снежня захавайце гонар афіцэра!”, а таксама партрэты зніклага ў траўні 1999 года апазіцыянера – былога міністра ўнутраных справаў Беларусі Юрыя Захаранкі.

На пытанне БелаПАНу, чаму ўдзельнікі акцыі трымаюць партрэты Захаранкі, які не меў дачынення да ўзброеных сілаў, актывіст “Гавары праўду!” Міхаіл Пашкевіч адказаў, што гэты чалавек “дакладна памятаў, што такое прысяга”. “У свой час ён стаў узорам таго, што наяўнасць пагонаў на плячах не значыць, што ты абавязаны прэзідэнту”, – сказаў Пашкевіч.

“Мы ўсе цудоўна ведаем, як вайскоўцы заганяюць сваіх салдатаў на датэрміновае галасаванне. Мы лічым не лішнім нагадаць ім, што 19 снежня – выбары, і выбар робіцца не на загад афіцэраў”, – адзначыў актывіст “Гавары праўду!”.

Сведкамі акцыі сталі больш за дзясятак афіцэраў, у тым ліку дзяржаўны сакратар Савету бяспекі Леанід Мальцаў.

belsat.eu

Стужка навінаў