Уладзіславу Кавалёву дазволілі пабачыцца са сваякамі


Маці ды сястра асуджанага на смяротнае пакаранне сустрэліся з ім 11 сакавіка. Спатканне праходзіла пад пільным наглядам працаўнікоў КДБ.

“Нам дазволілі размаўляць толькі на побытавыя тэмы – ніякіх пытанняў пра ўмовы ўтрымання ў СІЗА. За нашымі спінамі сядзеў намеснік начальніка СІЗА, Улада таксама кантраляваў наглядчык”, – распавяла “Белсату” Любоў Кавалёва.

Паводле закону, нагадвае жанчына, асуджаныя на смерць маюць права на адно кароткатэрміновае спатканне на месяц. Аднак у лютым адміністрацыя СІЗА КДБ не дазволіла маці пабачыцца з сынам. “Магчыма, ім не спадабалася, што ў заяве на спатканне я пазначыла, што Улад асуджаны паводле сфабрыкаванага прысуду”, – мяркуе Любоў Кавалёва.

Гэтым разам спатканне доўжылася тры гадзіны. “Дзякуй Богу, што хоць на гэты час з Улада знялі кайданкі. А ўвогуле, выглядае сын не вельмі добра, бо адбіваецца адсутнасць свежага паветра – шпацыры асуджаным паводле такога артыкулу забароненыя”, – гаворыць Любоў Кавалёва.

Яна кажа, што Уладзіслаў таксама напісаў заяву на сустрэчу з адвакатам дзеля напісання нагляднай скаргі. Любоў Кавалёва спадзяецца, што перашкодаў з боку адміністрацыі СІЗА не будзе. Аднак адзначае, што яе трохмесячнае змаганне на атрыманне даверанасці ад сына на вядзенне ягоных справаў зайшло ў тупік – большасць ейных скаргаў кіраўніцтва турмы КДБ папросту ігнаравала. А днямі прыслалі адказ, што даверанасць мусіць быць засведчаная натарыусам. “Адкуль гэтыя новыя правілы? Раней дастаткова было таго, што дакумент падпісваў кіраўнік спецустановы. Зразумела ж, што натарыуса ў КДБ не дапусцяць”, – дзівіцца Любоў Кавалёва. Жанчына ўпэўненая, што гэтыя штучныя перашкоды ім ствараюць наўмысна.

Уладзіслаў Кавалёў быў асуджаны да найвышэйшай кары ў справе аб выбуху ў менскім метро, што адбыўся 11 красавіка 2011 г. 7 снежня Кавалёў і ягоны абаронца падалі прэзідэнту прашэнне аб памілаванні. Таксама да Аляксандра Лукашэнкі з прашэннем звярнулася і маці асуджанага Любоў Кавалёва. Адказу з афіцыйных інстанцыяў дагэтуль няма. Як паведаміла Любоў Кавалёва, ёй не вядома, калі камісія памілавання разгледзіць іхныя прашэнні.

belsat.eu

Стужка навінаў