7400 чалавек скінуліся і купілі замак у Францыі


Мінімальны ўнёсак павінен быў быць не меншы за 50 еўраў.

Больш за 7400 незнаёмых паміж сабой людзей з усяго свету сабралі за 40 дзён на краўдфандынгавай платформе Dartagnans € 500 000, каб набыць замак Мот-Шандэнье на захадзе Францыі.

Замак збудавалі ў XIII-м стагоддзі, ён знаходзіцца ў 320-х км ад Парыжа. На працягу гісторыі шато пераходзіла з рук у рукі, захаваўшы арыгінальны выгляд да сярэдзіны XIX-га стагоддзя.

У 1870-м замак быў рэканструяваны, у 1932-м у ім адбыўся пажар, пасля чаго пачаўся ягоны ўпадак.

Уладальнік замку з 2013-га шукаў пакупнікоў, якія б правялі ягоную рэканструкцыю. Нарэшце мясцовыя жыхары скаардынаваліся і абвесцілі збор грошай у інтэрнэце.

La Mothe-Chandeniers узімку. Фота са старонкі краўдфандгавай кампаніі

The Guardian піша, што нерухомасць выкупілі 1 снежня.

Каб распачаць рэканструкцыю, новым уладальнікам патрэбныя дадатковыя € 500 000. У зацікаўленых у тым, каб стаць саўладальнікам, ёсць яшчэ 19 дзён на ўдзел у зборы сродкаў.

«Ідэя не толькі ў тым, каб сабраць грошы, але і ў тым, каб як мага больш людзей удзельнічалі ў выратаванні гэтага чароўнага, казачнага месца», – кажуць арганізатары кампаніі.

Мінімальны ўнёсак для таго, каб стаць уладальнікам нерухомасці – 50 еўраў. Сярод іх – грамадзяне ЗША, Інданезіі, Канады, Аўстраліі, Бразіліі і іншых краінаў.

Удзельнікі краўдфандынгу заяўляюць, што адкрыюць замак для публікі адразу пасля рэканструкцыі.

ДД

Глядзі таксама
Каментары