Венецыянская камісія ацэніць беларускі закон аб масавых акцыях


Еўрапейская камісія за дэмакратыю праз права (Венецыянская камісія) плануе разгледзець “Закон аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь” на адпаведнасць міжнародным нормам. Як паведамілі ў прэс-службе Рады Еўропы, пасяджэнне адбудзецца 16 або 17 сакавіка.

Унясенне паправак у “Закон аб масавых мерапрыемствах” Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі ініцыявала ўлетку мінулага года, калі ў розных гарадах краіны штотыдзень праводзіліся акцыі маўклівага пратэсту грамадзянаў, не згодных з палітыкаю кіраўніцтва краіны. Абноўлены закон узмацніў жорсткасць правілаў правядзення масавых акцыяў. Цяпер любое збіранне грамадзянаў мусіць быць санкцыянаванае ўладамі – гэта датычыцца і флэшмобаў, і сустрэчаў, арганізаваных з выкарыстаннем інтэрнэту.

Да атрымання дазволу на правядзенне масавай акцыі яе арганізатары не маюць права абвяшчаць, у тым ліку ў інтэрнэце, пра дзень, час і месца яе правядзення. Акрамя таго, арганізатарамі не могуць быць асобы, якія дапусцілі парушэнне парадку правядзення такой акцыі на працягу года з моманту накладання адміністрацыйнага спагнання. Арганізатары ўсіх масавых акцыяў, акрамя тых, што ладзяцца дзяржаўнымі органамі, з гэтага часу мусяць плаціць за ахову грамадскага парадку пры іх правядзенні.

У той жа час правы працаўнікоў праваахоўных органаў у абноўленым законе істотна пашыраныя.

Законапраект быў прыняты ніжняю палатаю парламенту на закрытым пасяджэнні адразу ў двух чытаннях.

Не ўводзіць у дзеянне новую рэдакцыю закону афіцыйны Мінск заклікалі прадстаўнікі міжнароднай грамадскасці, у тым ліку Еўразвязу і АБСЕ. На іх думку, новаўвядзенні яшчэ больш абмяжоўваюць фундаментальнае права на свабоду сходаў і асацыяцыяў у Беларусі. Тым не менш, 27 лістапада абноўлены закон пачаў дзеяць, а Канстытуцыйны суд Беларусі прызнаў папраўкі адпаведнымі Асноўнаму закону.

belsat.eu

Стужка навінаў