15 дзён арышту за акцыю каля МЗС


Суд Ленінскага раёну пакараў 15 днямі арышту чатырох актывістаў «Маладога фронту». Пра гэта паведаміла намесніца старшыні арганізацыі Наста Палажанка. Міхаіла Мускага, Дзмітрыя Крамянецкага, Рамана Васільева і Уладзіміра Яроменка асудзілі на падставе арт. 23.34 Кодэксу аб адміністратыўных правапарушэннях («Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавай акцыі або пікетавання»). Падставаю для гэтага сталася акцыя 29 лютага каля Міністэрства замежных справаў Беларусі. У той дзень, калі Менск пакінулі амбасадары краінаў ЕЗ, невядомыя маладыя людзі закідалі будынак МЗС рулонамі туалетнай паперы.

«Самае цікавае здарылася з Крамянецкім. У дзень правядзенні акцыі ён быў дома, у Мёрах (Віцебская вобласць). Аднак Крамянецкі быў затрыманы ў Менску, куды ён прыехаў на сустрэчу з сябрамі 7 сакавіка. У выніку ён паедзе на 15 содняў «за кампанію», – адзначыла Палажанка.

«Міліцыянеры, як заўсёды, даюць ілжывыя сведчанні. Найбольш складаная сітуацыя цяпер ва Уладзіміра Яроменка. Яму пасля гэтага адміністрацыйнага арышту пагражае крымінальны нагляд, бо ён быў асуджаны паводле справе аб масавых беспарадках 19 снежня 2010 г. Яроменка прыгаварылі да трох гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, 13 жніўня ён быў вызвалены на падставе ўказу Аляксандра Лукашэнкі аб памілаванні», – заявіла намесніца старшыні «Маладога фронту».

belsat.eu

Стужка навінаў