Жыхары Смалявіцкага раёну: Мы не хочам дзяліць зямлю з кітайцамі


Канфлікт вакол планаў пабудовы беларуска-кітайскага індустрыяльнага цэнтру набірае абароты. Кітайскія інвестары атрымліваюць 8000 га зямлі ў арэнду на 99 гадоў. У зону забудовы трапляюць 15 вёсак, 30 дачных кааператываў і дзіцячыя летнікі. З гэтым не пагаджаюцца мясцовыя жыхары ды гаспадары лецішчаў.

«Праз 10–20 гадоў тут будзе процьма кітайцаў. Іх будзе вельмі шмат. Яны запалоняць усю нашую зямлю. Нашыя дзеці і ўнукі ўжо будуць дзяліць нашую зямлю, спрадвечна беларускую, з кітайцамі, – падзялілася сваёй асцярогаю з журналістамі жыхарка адной з навакольных вёсак. – Мяне гэта абурае да глыбіні душы, бо не запыталі народ, ці народ пагодзіцца з тым, каб тут будаваліся індустрыяльныя паркі, не важна якой рэспублікі – кітайскай або югаслаўскай».

Дзеянні мясцовых уладаў выклікаюць абурэнне ў жыхароў Смалявіцкага раёну – яны вінавацяць мясцовых чыноўніках у цынізме і спробах падмануць людзей. «Пачалі тлумачыць, маўляў, нашая вёска вымірае і таму трэба «разбавіць» яе кітайцамі. Мы, натуральна, пачалі абурацца. Больш за тое, у іншых вёсках, я абсалютна дакладна ведаю, прымушалі людзей выступаць за будаўніцтва кітайскага індустрыяльнага парку», – распавядае пра сустрэчу з прадстаўнікамі мясцовых уладаў Валянціна Каляка, жыхарка вёскі Заямнае.

Тым часам на вышэйшым узроўні чыноўнікі запэўніваюць, што пабудова індустрыяльнага парку не закране інтарэсаў мясцовых жыхароў і гаспадароў лецішчаў. «Мы дамовіліся з кітайскім бокам і ўнеслі гэта ва ўказ, што парк будзе асвойвацца толькі на свабодных тэрыторыях», – цытуе віцэ-прэм’ера Анатоля Тозіка дзяржаўнае агенцтва «БЕЛТА».

У снежні абедзве палаты беларускага парламенту ратыфікавалі пагадненне паміж урадамі Беларусі і Кітаю аб беларуска-кітайскім індустрыяльным парку, падпісанае ў Менску 18 верасня 2011 г. Асноўныя кірункі дзейнасці парку: тонкая хімія, нана- і біяфармацэўтыка, машынабудаванне, электроніка.

belsat.eu

Стужка навінаў