Расея: Апазіцыя абяцае вывесці на вуліцы 1 млн чалавек (Абноўлена)


Сёння, 10 сакавіка, выказаць свой недавер вынікам прэзідэнцкіх выбараў на Новы Арбат у Маскве прыйшлі ад 10 тысячаў (звесткі паліцыі) да 30 тысячаў чалавек (паводле арганізатараў). Ёсць затрыманыя.

Да гэтай суботы ні апазіцыя, ні ўлады не рашаліся выкарыстаць урадавую трасу (Новы Арбат) для мітынгаў або шэсцяў, піша gazeta.ru. Паводле інтэрнэт-рэсурсу, заяўку на мітынг з удзелам 50 тысяч чалавек ад 13:00 да 16:00 мэрыя задаволіла ў апошні момант. Дазволу здзівілася нават апазіцыя.

Паводле „Интерфакс-Запад”, лідар „Левага фронту” Сяргей Удальцоў спрабаваў арганізаваць ужо не санкцыянаванае шэсце да Пушкінскай плошчы. Паводле “ИТАР-ТАСС”, зрабіць гэта спрабаваў адзін з лідараў нацыяналістычнага руху Дзмітрый Дзёмушкін. Паліцыя затрымала Удальцова і яшчэ 25 чалавек, перадае “ИТАР-ТАСС”. Праз некалькі гадзін яго і некалькіх паплечнікаў адпусцілі. 13 сакавіка іх будуць судзіць за непадпарадкаванне паліцыі.

Каля 40 чалавек затрыманы на несанкцыянаваным мітынгу, які прайшоў у Санкт-Пецярбургу. Столькі ж – у Самары, дзе адбываліся адзіночныя пікеты. 60 затрыманых – на несанкцыянаваным мітынгу ў Ніжнім Ноўгарадзе.

Апазіцыя абяцае працягваць масавыя акцыі, у тым ліку выйсці на вуліцы 7 траўня, у дзень інаўгурацыі Уладзіміра Пуціна. “Пушкінская плошча – сімвал нашай вайны. Думаю, будзе правільна, калі да траўня, калі будзе інаўгурацыя самазванца, мы будзем прыходзіць рэгулярна на Пушкінскую [плошчу]. Будзем прыходзіць чым цяплей, тым часцей. Канчатковая наша мэта – не пазней траўня сабраць марш мільёна сумленных грамадзянаў”, – заявіў Сяргей Удальцоў.

belsat.eu

Стужка навінаў