АБСЕ разлічвае на поўнамаштабнае назіранне за выбарамі ў Беларусі


Беларусь, як і любая іншая краіна – удзельніца АБСЕ, прыняла абавязак запрашаць на выбары назіральнікаў ад гэтай арганізацыі, нагадаў прэс-сакратар Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ) АБСЕ Енс-Гаген Эшэнбэхэр, каментуючы радыёстанцыі “Deutsche Welle” нядаўнюю заяву кіраўніцы Цэнтрвыбаркаму Лідзіі Ярмошынай.

Нагадаем, 7 сакавіка ў інтэрв’ю дзяржаўнаму інфармацыйнаму агенцтву БелТА Ярмошына прапанавала выключыць прадстаўнікоў Еўразвязу з місіі назіральнікаў АБСЕ на парламенцкіх выбарах.

Паводле кіраўніцы ЦВК, краіны Еўразвязу ўжываюць супраць Беларусі санкцыі ды візавыя абмежаванні. “Чаму мы іх прадстаўнікоў мусім пускаць у краіну? Мы кожны раз на мінулых выбарах давалі магчымасць і выдавалі мандаты назіральнікаў усім амбасадарам краінаў ЕЗ, акрэдытаваным у Менску, хоць яны не ўваходзілі ў склад місіі АБСЕ. Гэта быў крок добрай волі. І ініцыявала яго штораз я – ветэран спісаў неўязных з 2004 г.”, – падкрэсліла Ярмошына.

Паводле яе, запрашаць ці не запрашаць на выбары замежных назіральнікаў, у тым ліку ад АБСЕ, – палітычнае рашэнне кіраўніцтва краіны, а не ЦВК. Аднак, дадала яна, гэта рашэнне будзе прымацца, “безумоўна, з улікам меркавання Цэнтравыбаркаму і Міністэрства замежных справаў”.

АБСЕ, у сваю чаргу, спадзяецца на шырокае прадстаўніцтва ў Беларусі краінаў-назіральніц, заявіў Эшэнбэхэр. Немагчыма сабе ўявіць, падкрэсліў ён, каб БДІПЧ АБСЕ займалася адборам і дазваляла толькі пэўным дзяржавам накіроўваць на выбары сваіх назіральнікаў.

“Бо сэнс назірання акурат у тым, каб сфармаваць шырокае прадстаўніцтва ў геаграфічным сэнсе і не дапусціць перавагі якіх-небудзь пэўных рэгіёнаў, – заўважыў прэс-сакратар. – Ніхто не хоча, каб нейкая група дзяржаваў дамінавала ў місіі назіральнікаў. Выбар на карысць шырокага прадстаўніцтва ў свой час быў зроблены асэнсавана, каб у такой місіі было прэзентавана як мага больш краінаў – удзельніц АБСЕ”.

Адсутнасць у Менску Офісу АБСЕ, паводле Эшэнбэхэра, не перашкодзіць працы назіральнікаў. “Назіранне за выбарамі не звязанае з наяўнасцю офісу ў той ці іншай краіне, мы працуем незалежна ад прадстаўніцтваў АБСЕ. Напрыклад, на выбарах у Расеі ў нас працавала група назіральнікаў, хоць прадстаўніцтва АБСЕ там няма. Для арганізацыі місіі мы маем спачатку атрымаць запрашэнне працаваць на выбарах. Пасля гэтага мы правяраем, ці мэтазгодна адпраўляць назіральнікаў у краіну, дзе праходзяць выбары. Калі так, то пачынаем падрыхтоўку да адпраўкі місіі АБСЕ, якая звычайна доўгатэрміновая. Доўгатэрміновыя назіральнікі абавязаныя адсочваць і перадвыбарную сітуацыю ў краіне”, – растлумачыў прэс-сакратар.

“Дзейнасць назіральнікаў, якія працуюць доўгі час на працягу ўсёй выбарчай кампаніі, пазней падмацоўваецца дзейнасцю экспертаў, якія прыязджаюць толькі на кароткі час і канцэнтруюцца на працы ў асноўны дзень выбараў. Так што ніякай сувязі паміж дзейнасцю назіральнікаў і адсутнасцю ў краіне сталага прадстаўніцтва АБСЕ няма”, – падкрэсліў Енс-Гаген Эшэнбэхэр.

Парламенцкія выбары ў Беларусі маюць прайсці сёлета ўвосень.

belsat.eu

Стужка навінаў