Новыя затрыманні актывістаў апазіцыі: за два дні – сем чалавек


Сёння раніцай у Барысаве затрымалі сябра Партыі БНФ Анатоля Аскерку і моладзевага актывіста Івана Шутко.

Да Аскеркі міліцыянты прыехалі дамоў і забралі яго ў раённы аддзел міліцыі. Гэта адбылося прыкладна аб 11:00, паведамляе праваабарончы сайт www.spring96.org. Пра сваё затрыманне актывіст паспеў сказаць па тэлефоне мясцоваму праваабаронцу, пасля чаго сувязь з ім абарвалася. Паводле жонкі Анатоля, міліцыянеры растлумачылі затрыманне тым, што ў суседа нібыта «пракалолі або знялі шыны». Аднак сам Аскерка звязвае гэта з акцыяй у падтрыманне Андрэя Саннікава, якая прайшла 8 сакавіка ў Барысаве з нагоды дня нараджэння зняволенага экс-кандыдата на прэзідэнта. Не выключана, што Аскерку могуць абвінаваціць у парушэнні парадку арганізацыі ды правядзення масавых акцыяў.

Моладзевага актывіста Івана Шутко затрымалі прыкладна ў той жа час, што і Анатоля Аскерку. Яго даставілі ў аддзяленне міліцыі, але паводле якога абвінавачання – пакуль не вядома.

Напярэдадні, 8 сакавіка, у Менску каля станцыі метро «Спартыўная» затрымалі актывістку грамадзянскай ініцыятывы «Еўрапейская Беларусь» Алену Лазарчык. Дзяўчына расклейвала плакаты з партрэтам Саннікава ды інфармацыяй пра беларускіх палітвязняў. Яе даставілі ў РУУС Фрунзенскага раёну і, хутчэй за ўсё, таксама будуць судзіць.

7 сакавіка прыкладна а 20:00 у Менску каля плошчы Незалежнасці затрымалі актывістаў міжнароднай грамадскай арганізацыі «Малады фронт» Уладзіміра Ерамянка і Рамана Васільева.

Прыкладна праз гадзіну ў сталіцы па месцы жыхарства міліцыя затрымала яшчэ двух маладафронтаўцаў: Міхаіла Мускага і Дзмітрыя Крамянецкага. Іх прывезлі ва УУС Ленінскага раёну, дзе склалі адміністратыўныя пратаколы за ўдзел у акцыі 29 лютага каля Міністэрства замежных справаў Беларусі. У дзень, калі Менск пакінулі амбасадары краінаў ЕЗ, невядомыя маладыя людзі закідалі будынак МЗС рулонамі туалетнай паперы. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, Мускага і Крамянецкага будуць судзіць у судзе Ленінскага раёну сталіцы ў нядзелю 11 сакавіка, абвешчанай у Беларусі працоўным днём.

Што да Ерамянка і Васільева, то іх маглі затрымаць для выканання выраку Віцебскага суда, які 22 лютага завочна асудзіў маладых людзей на тры дні адміністратыўнага арышту за дробнае хуліганства, паведамляюць праваабаронцы.

belsat.eu

Стужка навінаў