Апытанне: Ці гатовыя вы працаваць у нядзелю?


Як ставяцца жыхары Магілёва да сёлетняга пераносу працоўнага дня з пятніцы на нядзелю?

Большасць апытаных мяркуе, што рабіць нядзелю працоўным днём не варта. Гэта магчыма толькі ў выпадку аварыі, лічыць адзін з апытаных, прычым аплата, нагадвае ён, мусіць быць падвойная: «Гэта сямейны дзень, людзі ў госці ходзяць, у царкву […]. Анідзе не абмяркоўвалася, не ўзгаднялася ні з працоўнымі калектывамі, ні з прафсаюзамі. Вось адзін чалавек у нас прымае гэткае рашэнне!»

Пра рэлігійны аспект згадаў не адзін чалавек. «Выходныя мусяць быць выходнымі. Ну і нядзеля – гэта дзень боскі!» – падкрэсліла рэспандэнтка. Наступны апытаны прызнаўся, што адмоўна ставіцца не толькі да пераносу, але і да святкавання 8 Сакавіка. На гэты дзень прыпадае рэлігійнае свята, а «дзве жанчыны з вычварэнскімі схільнасцямі» Роза Люксембург і Клара Цэткін узялі гэта ды змянілі: «Трэба прытрымлівацца рэлігіі, а не чыіхсьці асабістых ідэяў».

«Калі збіраліся пераносіць, то гэта трэба было зрабіць значна раней, папярэдзіць людзей», – заўважыла жыхарка Магілёва, якая таксама не рвецца ў нядзелю «да станка». Сустрэўся журналістам і магілёвец, які супраць доўгіх выходных і «зацяжнога працоўнага тыдня» пасля: «Маглі б папрацаваць у пятніцу і адпачыць у суботу-нядзелю, як звычайна». А наступная рэспандэнтка паведаміла, што яе арганізацыя пераносу вырашыла не рабіць.

Усе чатыры апытаныя, якія ў нядзелю гатовыя ахвяраваць адпачынкам, маюць плаваючы графік. Удзельнік апытання прызнаўся, што яму пашанцавала, бо ў яго выходныя прыпадаюць на панядзелак і аўторак: «Ну а людзям зручней, вядома ж, было б чатыры дні выходныя, напэўна. Бо адпачываць жа трэба пабольш пасля святаў. Ну, будзе нядзеля – цяжкі дзень, а не панядзелак…»

belsat.eu

Стужка навінаў