Брат Бакіева збег на прэзідэнцкім самалёце?


Генпракуратура Кыргызстану пачала крымінальную справу па факце ўцёкаў брата экс-прэзідэнта краіны Ахмата Бакіева, які адбываў турэмны тэрмін.

Пра гэта агенцтва «Интерфакс-Запад» даведалася ў прэс-службе ведамства ў пятніцу. Там таксама паведамілі, што крымінальную справу пачалі і ў дачыненні службовых асобаў Дзяржаўнай інспекцыі выканання пакаранняў – па факце неналежнага выканання сваіх службовых абавязкаў, у выніку чаго Бакіеў змог уцячы.

Тым часам інфармацыйна-аналітычны партал Кыргызстану comment.kg выклаў сваю версію падзеяў. Паводле інтэрнэт-рэсурсу, брат экс-прэзідэнта ў дзень уцёкаў вылецеў з аэрапорту «Манас» на ўрадавым самалёце «Gulfstream», які набылі яшчэ за часоў кіравання Бакіева. Усё адбывалася ў рэжыме татальнай сакрэтнасці. Нібыта ўсе службы на час пасадкі пасажыра знялі з пастоў, а самалёт узяў курс на адну з еўрапейскіх краінаў. «Цікава, ці дазапраўляўся ён у Менску і ці даляцеў да Лондану?» – задаецца пытаннем аўтар публікацыі. Паводле яго, праз дзень «Gulfstream» вярнуўся ў Бішкек, і прэм’ер-міністр Амурбек Бабанаў паляцеў на ім у Катар.

Журналіст выказвае думку, што ўцячы Ахмату Бакіеву дапамаглі мясцовыя чыноўнікі і рыхтаваліся яны да гэтага даўно. Невыпадкова асуджанаму ў 2010 г. на 7,5 гадоў пазбаўлення волі за арганізацыю масавых беспарадкаў суд ужо ў снежні дазволіў адбываць пакаранне ў калоніі-паселішчы, дзе ён мог свабодна перамяшчацца.

Ахмат Бакіеў быў адзіным блізкім сваяком экс-кіраўніка краіны, які заставаўся на тэрыторыі Кыргызстану. Скінуты ўвесну 2010 г. прэзідэнт Курманбек Бакіеў прыбыў у Беларусь 19 красавіка на асабістае запрашэнне Аляксандра Лукашэнкі.

belsat.eu

Стужка навінаў