Алена Каваленка ў «Гарачым каментары»


Яшчэ з савецкіх часоў 8 сакавіка – дзяржаўнае свята, Міжнародны дзень жанчын. Аднак ці ёсць нагода святкаваць тым, чые родныя застаюцца за кратамі з палітычных матываў?

8 сакавіка – зусім не святочны дзень, але падобны да іншых: прасякнутых болем і перажываннямі. Алена Каваленка чакае, моліцца, спадзяецца на лепшае, імкнецца не плакаць. Жонкі палітвязняў не могуць сабе гэтага дазволіць. Ейны муж Сяргей Каваленка пры ўсім жаданні не можа падарыць сваёй увагі жонцы і дачцэ. Тры месяцы ён за кратамі, і ўвесь гэты час трымае галадоўку.

Паводле жонкі палітвязня, у нашай краіне існуе праблема працоўнай дыскрымінацыі жанчын.

“Гэта вынікае з таго, якія пасады займаюць жанчыны ў грамадстве. Нейкія высокія чыноўнікі – збольшага мужчыны. Жанчына не заўсёды можа ўладкавацца на працу, калі ў яе ёсць маленькія дзеці”, – кажа спадарыня Каваленка.

Затое пасля падзеяў 19 снежня жанчын кідалі за краты нароўні з мужчынамі. Сотні беларускіх жанчын трапілі ў турмы, дзе зазналі ўмовы, цяжкія нават для мужчынаў.

“Тое, што жанчыны ў нашай краіне цярпяць гвалт, – сведчанне залежнасці ад мужчыны. Гэта і страта духоўнасці ў нейкай ступені, і страта хрысціянскіх каштоўнасцяў, бо нас яднае вера ў Бога, як гэта мусіць быць”, – кажа Алена Каваленка.

belsat.eu

Стужка навінаў