Кандыдаты ў прэзідэнты патрабуюць дадатковага тэлеэфіру


Апазіцыйныя кандыдаты ў прэзідэнты Беларусі патрабуюць дадктковага тэлеэфіру для выступлення перад выбаршчыкамі.

Адпаведная заява Уладзіміра Някляева і Андрэя Саннікава была перададзеная 7 снежня ў Цэнтрвыбаркам прадстаўнікамі іх штабоў. Дакумент прыняў сакратар ЦВК Мікалай Лазавік. Ён паведаміў, што Цэнтральная камісія разгледзіць заяву 9 снежня, але пры гэтым заўважыў: рашэнне аб выдзяленні дадатковага эфіру знаходзіцца ў кампетэнцыі Белтэлерадыёкампаніі, а ЦВК можа толькі рэкамендаваць ёй зрабіць гэта.

Яшчэ адзін удзельнік прэзідэнцкай кампаніі, Яраслаў Раманчук, звярнуўся да кіраўніцтва замежных каналаў з просьбай даць эфірны час кандыдатам у прэзідэнты Беларусі. Ліст накіраваны кіраўніцтву расійскіх Першага канала, НТВ, Усерасійскай дзяржаўнай тэлевізійнай і радыёвяшчальнай кампаніі, а таксама ўкраінскага “5 канала” і тэлеканала “Еўраньюс”.

Ён адзначае, што цяперашнія ўлады перашкаджаюць выступленням альтэрнатыўных кандыдатаў у дзяржаўных СМІ, а манапалізаваныя СМІ “дэманструюць народу толькі аднаго кандыдата”. У такіх умовах, падкрэслівае Раманчук, у грамадзян Беларусі застаецца “толькі адна надзея — атрымаць інфармацыю з даступных крыніц, якія не знаходзяцца пад кантролем правячага рэжыму Беларусі”.

Нагадаем, згодна з Выбарчым кодэксам Беларусі кандыдаты ў прэзідэнты мелі магчымасць двойчы па паўгадзіны выступіць па дзяржаўным тэле- і радыёканале, а таксама ўзяць удзел у гадзінных тэле- і радыёдэбатах. Іх публічныя тэле- і радыёвыступленні завяршыліся 5 снежня.

Патрабаванне кандыдатаў у прэзідэнты выдзеліць ім дадатковы час для выступлення ў эфіры беларускага тэлебачання Цэнтральная выбарчая камісія разгледзіць 9 або 10 снежня. Пра гэта паведаміў сакратар ЦВК Мікалай Лазавік, прымаючы 7 снежня заяву з такім патрабаваннем ад Таццяны Процькі, даверанай асобы кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Някляева.

Перадача заявы адбылася падчас пікета каля Цэнтрвыбаркама, арганізаванага актывістамі грамадзянскай кампаніі “Еўрапейская Беларусь” і кампаніі “Гавары праўду!”. У ім удзельнічала каля 50 чалавек. Людзі стаялі з плакатамі “Адну гадзіну праўды!” і “Чаму БТ баіцца праўды?”.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары