Белстат: беларускі больш адукаваныя за беларусаў


Колькасць жанчын, якія вучацца, перавышае колькасць мужчынаў-навучэнцаў. Гэтак, на пачатак 2011/2012 навучальнага года вучыліся 845 тыс. жанчын (51 % ад агульнай колькасці навучэнцаў), мужчын – 811 тыс. (49 %).

Пра больш высокі адукацыйны ўзровень жанчын таксама сведчаць звесткі перапісу насельніцтва. Вышэйшую і сярэднюю спецыяльную адукацыю мелі 49 % жанчын і 42 % мужчынаў (у 1999 г. адпаведна – 39 % і 34 %). У агульнай колькасці насельніцтва, якое свабодна валодае англійскаю моваю, доля жанчын складае амаль 59 %, у колькасці насельніцтва, якое валодае нямецкаю, – 63 %.

У арганізацыях краіны (без мікраарганізацыяў) на пачатак 2011 г. на долю жанчын прыпадала 53,4 % агульнай колькасці працаўнікоў. Для жанчын прыярытэтныя былі такія віды эканамічнай дзейнасці, як гандаль, фінансавая дзейнасць, тэкстыльная і швейная вытворчасць, гатэлі ды рэстараны, адукацыя, ахова здароўя і аказанне сацыяльных паслугаў, дзе іхная ўдзельная вага склала ад 70,7 % да 85,1 % ад агульнай колькасці працаўнікоў арганізацыяў адпаведнага віду эканамічнай дзейнасці.

На пачатак 2011/2012 навучальнага года доля жанчын у агульнай колькасці настаўнікаў складае 86 %, сярод дырэктараў ды іх намеснікаў жанчын 84 %. Сярод выкладчыкаў установаў сярэдняй спецыяльнай адукацыі таксама пераважаюць жанчыны, якіх агулам 8,3 тыс. чалавек (75 % ад колькасці выкладчыкаў). Ва ўстановах вышэйшай адукацыі на выкладчыцкай працы – 13,8 тыс. жанчын (56 %), сярод іх 254 дактары навук, больш за 4 тыс. кандыдатаў навук. Вучонае званне прафесара і дацэнта маюць адпаведна 239 і 3270 выкладчыц.

Сярод рабочых пераважаюць мужчыны – 56,5 %, а ў агульнай колькасці службоўцаў вышэйшая ўдзельная вага жанчын – 67,9 %. Аднак сярод службоўцаў большасць кіраўнікоў складаюць мужчыны – 53,2 %.

Сярод жанчын, занятых у эканоміцы краіны, найбольш жанчын 30–49 гадоў – 50,8 %. Удзельная вага моладзі да 31 года склала 26,4 %. Сярод працоўных жанчын маладыя жанчыны да 31 года склалі 25,4 %.

Удзельная вага працаўнікоў, старэйшых за працаздольны ўзрост (жанчыны 55 гадоў і старэйшыя, мужчыны 60 гадоў і старэйшыя), складае 9 % ад усіх працаўнікоў. На долю працоўных жанчын, старэйшых за працаздольны ўзрост, прыпадала 11,6 % (мужчынаў – 6,1 %).

На пачатак 2011 г. 28,9 % працоўных жанчын мелі вышэйшую адукацыю, 27,3 % – сярэднюю спецыяльную, 17 % – прафесійна-тэхнічную, 24,8 % – агульную сярэднюю, 2 % – агульную базавую адукацыю.

belsat.eu

Стужка навінаў