Вольга Бандарэнка: Я не губляю аптымізму


Жонка палітвязня Зміцера Бандарэнкі распавядае пра сваё бачанне ролі жанчыны ў грамадстве і перадае зычэнні беларускім жанчынам.

Нягледзячы на несправядлівы прысуд, цяжкую хваробу мужа і ціск на яго ў калоніі, жанчына кажа, што за гэты час не страціла аптымізму і веры ў людзей.

“Ролю жанчыны немагчыма прыменшыць. Асноўная частка выхавання – усё роўна на ейных плячах. Ёсць, вядома, так званае мужчынскае выхаванне, але мне падаецца, што галоўныя каштоўнасці ўсё роўна закладае жанчына. Прынамсі, мусіць гэта рабіць. Аднак, калі паглядзець на частку нашага грамадства – думаю, не трэба тлумачыць, каго я маю на ўвазе, – то становіцца відавочна, што шмат якія жанчыны сваёй функцыі, на жаль, не выканалі. Нават не ведаю, ці ўсведамляюць яны гэта. І мне іх вельмі шкада, калі яны дазнаюцца пра гэта ў будучыні, – пра тое, хто іхныя сыны, мужы, і што яны рабілі”, – кажа Вольга Бандарэнка.

Паводле жонкі палітвязня, беларускім жанчынам не стае звычайнага абыватальскага шчасця. Нягледзячы ні на што, беларускае грамадства даволі палітызаванае, і спадарыня Бандарэнка жадае, каб у жанчын нашай краіны не было нагодаў думаць пра палітыку, палітвязняў, дэманстрацыі.

“Хацелася б, каб калісьці прыйшоў такі момант – каб мы пачалі дапамагаць іншым. І хай бы на нас казалі – “зажэрліся”, як на краіны Захаду, што дапамагаюць хворым дзецям, іншым краінам. І хай бы тады на нас так казалі – вось, напэўна, гэтага хацела я б пажадаць жанчынам”, – кажа спадарыня Бандарэнка.

belsat.eu

Стужка навінаў