Юрыст – сакаліная паляўнічая


25-гадовая Макпал Абдразакава – дыпламаваны адвакат і адначасова адзіная ў Казахстане жанчына – паляўнічая на сокалаў. Вучыць рамяству Макпал пачаў бацька, калі той было трынаццаць гадоў. Палову свайго жыцця яна самастойна трэніруе сокалаў, беркутаў ды іншых драпежных птушак.

Адмыслова навучаныя беркуты палююць на трусоў, маладых аленяў і нават на ваўкоў. Размах крылаў такой птушкі сягае ажно двух з паловаю метраў, беркут кідаецца на здабычу з хуткасцю больш за 200 км на гадзіну.

Таямніцы гэтага паляўнічага майстэрства перадаюцца ад бацькі да сына цягам стагоддзяў. Макпал Абдразакава стала адзінаю жанчынаю, якая парушыла гэтую традыцыю. Апошнія дзесяць гадоў яна рэгулярна перамагае ў мясцовых паляўнічых спаборніцтвах.

Ейны першы беркут Акжэлке літаральна вырас разам з паляўнічаю, яму ўжо больш за адзінаццаць гадоў, і, кажа Макпал, птушка дагэтуль у выдатнай форме. Трэніроўка беркута займае месяцы або нават гады. Звычайна ловяць маладую птушку, якая толькі пачала лятаць. Пасля тыднямі беркут галадае, а ягоны гаспадар не адыходзіць ад птушкі ды размаўляе з ёю. Калі беркут прымае ежу з рук гаспадара – можна распачаць трэніроўкі ў полі. Сувязь паміж птушкаю і паляўнічым захоўваецца назаўжды. Як распавядае Макпал, калі яна вучылася ў Карагандзе і не магла быць побач з Акжэлке, той не дазваляў нікому нават дакрануцца да сябе.

“Мой бацька займаецца сакаліным паляваннем ужо дваццаць гадоў. Ён першы прынес птушку ў наш дом і заклаў падмурак гэтага майстэрства ў нашай сям’і. У Алматы аксакалы навучылі яго гэтаму майстэрству, а ён перадаў гэтыя веды мне. Спачатку я змусіла свайго беркута прызвычаіцца да мяне, а пасля брала ўдзел у розных спаборніцтвах. Паколькі я жанчына, многія пытаюцца: наколькі цяжка было навучыцца паляванню? Я ўжо прызвычаілася да гэткіх пытанняў. Мінула дванаццаць гадоў, як я пачала паляваць. Спачатку навучылася ездзіць конна, пасля трымаць птушку і занялася спортам. У 2003-м я стала майстрам спорту. Людзі называюць мяне дзяўчына-беркучы (паляўнічы з беркутам). Спадзяюся, у будучыні будзе больш дзяўчат-беркучы. Калі жанчына ўдзельнічае ў такіх спаборніцтвах, беркучы-мужчыны цешацца. Чым больш жанчын займаецца гэтым спортам, тым лепш – гэта развівае сакалінае паляванне”, – кажа Макпал Абдразакава.

Дзяўчына нядаўна скончыла юрыдычны факультэт у Карагандзе, і яна ўпэўненая, што здолее спалучаць паляванне з адвакацкаю практыкаю.

belsat.eu
https://youtu.be/tMV9VWsV7Lg

Глядзі таксама
Каментары