Разін: У нас на «Еўрабачанне» – толькі праз ложак


Ад Расеі на конкурс паедзе ўдмурцкі фолк-гурт «Буранаўскія бабулі», які складаецца з пенсіянерак.

Прадзюсар гурта «Ласковый май» Андрэй Разін заявіў, што ў Расеі не хапае Аляксандра Лукашэнкі, які б навёў парадак з конкурсамі. Пра гэта ён паведаміў на сустрэчы з журналістамі напярэдадні выступу гурта, пік папулярнасці якога прыпаў на 1990-я, у Менску.

На пытанне, ці сачыў ён за скандальным фіналам адборачнага конкурсу, дзе вызначаўся прадстаўнік Беларусі на «Еўрабачанні», Разін адказаў: «Так, я сачыў за падзеямі ў Беларусі. Сапраўды захапляюся Аляксандрам Рыгоравічам, які ўмяшаўся і навёў там парадак. У Расейскай Федэрацыі ўсё інакш – нахабна, праз ложак, за грошы. Расяяне адчувалі ганьбу, калі ў «Еўрабачанні» брала ўдзел наша «фабрыкантка», якая трапіла на конкурс праз сімпатыю Першага каналу. Шкадаваў пра адно – што не было Аляксандра Рыгоравіча, які б усіх пасадзіў у турму».

Разін меў на ўвазе скандал вакол удзелу ў «Еўрабачанні» Анастасіі Прыходзькі ў 2009-м. Сёлета, між іншым, ад Расеі на конкурс паедзе ўдмурцкі фолк-гурт «Буранаўскія бабулі», які па выніках галасавання апярэдзіў дуэты Тымацi з татарскаю спявачкай Аідай і Дзімы Білана з экс-удзельніцаю гурта «Тату» Юліяй Волкавай. Паліна Смолава, якая была ў ліку 25 прэтэндэнтаў, са сваёй песняй пра Майкла Джэксана заняла сёмае месца.

Ад Беларусі на фінал конкурсу ў Баку 15 траўня пасля ўмяшання Аляксандра Лукашэнкі замест Алены Ланскай паедзе гурт «Lightsound».

belsat.eu

Стужка навінаў