ТОП-8 падарункаў, якія беларускі хацелі б атрымаць 8 сакавіка


Карэспандэнты запыталі жыхарак сталіцы, што б іх найбольш парадавала ў Жаночы дзень, а потым пацікавіліся планамі мужчынаў. Адказы мужчынаў жаночых спадзяванняў не апраўдалі…

Большасць рэспандэнтак (шэсць) не супраць атрымаць у падарунак кветкі. Але пажадана, каб да гэтага дадалася ўвага, завушніцы з дыяментамі або дарагая парфума. На другім месцы з трыма галасамі аказаўся сюрпрыз. «Хацелася б атрымаць тое, чаго не чакаеш. Кветкі, цукеркі, прывычныя падарункі ўжо надакучылі. А штосьці нечаканае, няхай недарагое, будзе вельмі прыемна», – патлумачыла адна з апытаных.

Кватэра, ювелірныя вырабы, парфума і касметыка – кожная з трох катэгорыяў набрала два галасы. «Трохпакаёвую кватэру. Больш нічога не трэба. Астатняе ўсё ёсць», – запэўніла адна жанчына. «Залатыя завушніцы з брыльянтам і якую-небудзь дарагую парфуму, напрыклад, «Nina Ricci». І ружы», – выдала спіс іншая дзяўчына.

Каханню і ўвазе парадаваліся б чатыры рэспандэнткі. «Хацела б убачыць каханага чалавека. Ён у іншым горадзе, ён прыедзе – і гэта будзе самы галоўны падарунак», – падзялілася адна з іх. Новы тэлефон замовіла толькі адна апытаная.

Адказы мужчынаў былі прадказальныя і жаночых спадзяванняў не апраўдалі. Абсалютная большасць (13 чалавек) найлепшым падарункам лічыць кветкі. Другое месца традыцыйна заняў торцік або нешта салодкае (шэсць галасоў). На трэцім – плюшавы мядзведзь (тры апытаныя). Парфуму і касметыку звычайна дораць два апытаныя. Моладзь прапаноўвае цікавейшы варыянт: SPA-набор або паход у SPA-салон на масаж. Дакласці да кветак «паветра, прасякнутае каханнем» збіраюцца толькі два жыхары сталіцы. Па адным голасе набралі фотаапарат, грошы (пажадана ў валюце) і… маркер з паштоўкаю.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары