Зашмат назіральнікаў як для Ярмошынай?


Кіраўніца беларускага Цэнтрвыбаркаму хоча, каб на парламенцкіх выбарах са спісу назіральнікаў ад місіі АБСЕ выкраслілі прозвішчы прадстаўнікоў краінаў Еўразвязу.

“Чаму мы іх прадстаўнікоў мусім пускаць у краіну? Мы кожны раз на мінулых выбарах давалі магчымасць і выдавалі мандаты назіральнікаў усім амбасадарам краінаў Еўразвязу, акрэдытаваным у Менску, хоць яны і не ўваходзілі ў склад місіі АБСЕ. Гэта быў крок добрай волі. І ініцыявала яго кожны раз я – ветэран спісу неўязных з 2004 года! Не разумею, навошта мы цяпер мусім дэманстраваць такія прыгожыя жэсты, калі людзі іх не здольныя ацаніць?” – заявіла Лідзія Ярмошына. “Няўдзячнасць”, на меркаванне старшыні ЦВК, краіны Еўразвязу дэманструюць тым, што ўводзяць супраць Беларусі санкцыі ды візавыя абмежаванні.

Як адзначае палітолаг Аляксандр Класкоўскі, рашэнне, ці пускаць назіральнікаў ад АБСЕ на парламенцкія выбары, будзе прымаць не “ветэран спісу неўязных”, а першая асоба дзяржавы – прычым з увагі на палітычную кан’юнктуру. Але гэты, так бы мовіць, пробны шар закінуты Лідзіяй Ярмошынаю не выпадкова. “Ён адпавядае арсеналу захадаў, які паабяцаў Еўропе Аляксандр Лукашэнка ў адказ на пашырэнне санкцыяў”, – гаворыць палітолаг.

Ісці на сапраўдныя палітычныя змены кіраўніцтва Беларусі не гатовае, тлумачыць эксперт. А вось такія элементы: вызваліць ці не палітвязняў, вярнуць або не ў краіну амбасадараў, ці пускаць назіральнікаў, – могуць стаць адным з элементаў імавернага палітычнага гандлявання з Захадам. “То бок, афіцыйны Менск па-майстэрску авалодаў падменаю тэмы для дыялогу – замест таго, каб казаць пра дэмакратызацыю, пачынаюць гандлявацца пра рэчы, якія да дэмакратызацыі не маюць непасрэднага дачынення. І калі гэтыя чыста тэхнічныя пытанні будуць вырашаныя пасля пакутлівых перамоваў, то ў бакоў і сапраўды можа скласціся ілюзія, што развязалі нейкія праблемныя вузлы”, – папярэджвае Аляксандр Класкоўскі.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары