Адменены выступ гурта «Neuro Dubel» у менскім клубе «Салтайм»


Прычына? Ну, вы ж усё разумееце…

“Падставы, на якіх гэта адбылося, мне вядомыя. Але агучыць іх, каб не падвесці дырэкцыю клубу, паважаных мною людзей, я не магу. Таму скажу ўжо сакраментальную і ненавісную мне фразу: вы ж усё разумееце”, – пракаментаваў “Белсату” навіну лідар гурта Аляксандр Кулінковіч.

Дырэкцыя клубу адмены канцэрту таксама не каментуе. Афіцыйнае паведамленне ўтрымлівае толькі некалькі агульных фразаў: “Шкадуем пра тое, што даводзіцца пра гэта паведамляць, але ні на што паўплываць не можам. Прыносім свае прабачэнні”.

Аляксандр Кулінковіч нагадвае, што гэта не першы адменены з прычыны “вы ўсё разумееце” выступ “Neuro Dubel”. Аднак у існаванне чорных спісаў ён па-ранейшаму не верыць. “Я ўпэўнены, што на паперы гэтага спісу не існуе. І тое, што ён з’явіўся некалі ў інтэрнэце, – гэта было чыімсьці жартам. Але тое, што гэты спіс існуе ў галовах, гэта дакладна”, – гаворыць музыка.

Дарэчы, выступ 8 сакавіка быў узгоднены з Менгарвыканкамам. І музыкі былі пэўныя, што з правядзеннем святочнага канцэрту, як і з папярэднімі, што прайшлі ў “Салтайме” 11 і 22 лютага, праблемаў не ўзнікне.

belsat.eu

Стужка навінаў