Сёння – гадавіна смерці праваабаронцы Яны Паляковай


33-гадовая жанчына скончыла жыццё самагубствам у ноч на 7 сакавіка 2009 г. Трагедыя адбылася ў кватэры, дзе Яна жыла з маці.

Сябры і калегі згадваюць Яну як чалавека, адданага сваёй працы і дапамозе іншым. Яны ўпэўненыя, што толькі несправядлівы прысуд і знявага ў дзяржаўных медыях змусілі маладую жанчыну сысці з жыцця.

“Яна магла сядзець без капейкі, хоць і была вельмі здольным юрыстам, але абрала свой крыж – дапамагаць людзям. Такія людзі проста так з жыцця не сыходзяць. Ніякі мужчына не вытрымаў бы такога ціску, які перажыла яна. Яе будуць памятаць у Салігорску. Толькі паводле маіх сціплых падлікаў, яна абараніла каля 200 чалавек”, – прыгадвае калега Яны, праваабаронца Алег Волчак.

Яна Палякова была актывісткаю незарэгістраванай арганізацыі “Прававая дапамога насельніцтву”. Працавала з іншымі праваабарончымі арганізацыямі, уваходзіла ў ініцыятыўную групу Вольгі Казулінай на парламенцкіх выбарах 2008 г. Пасля выбараў ціск на жанчыну ўзмацніўся. Маці згадвае, як Яну штодня выклікалі ў пракуратуру, тэлефанавалі ўначы.

“Ніхто пра яе не ўспамінае, акрамя незалежных медыяў. Гэтым не займаецца ніхто – яны нават не паведамілі мне, калі рабілі экспертызу ў моргу. Ня ведаю, кім яны сябе адчуваюць – такая маса людзей на адну дзяўчынку…” – кажа Неаніла Палякова, маці праваабаронцы.

3 сакавіка 2009 г. суд Салігорскага раёну прызнаў Палякову вінаватаю на падставе арт. 400, ч. 2 Крымінальнага кодэксу (заведама непраўдзівы данос). Яе абвінавацілі ў непраўдзівым даносе на працаўніка міліцыі ды асудзілі на два з паловаю гады абмежавання волі. Акрамя таго, паводле рашэння суда яна мусіла была выплаціць працаўніку міліцыі 1 млн руб. кампенсацыі за маральныя страты.

Яна Палякова лічыла сябе невінаватаю, сцвярджаючы, што міліцыянт яе збіў.

6 сакавіка 2009 г., напярэдадні трагедыі, “Советская Белоруссия” апублікавала фельетон пра беларускіх праваабаронцаў, у якім фігуравала і Яна Палякова. На меркаванне сяброў Яны, гэтая публікацыя стала апошняю кропляю, якая перапоўніла чашу ейнага трывання.

18 сакавіка пракуратура Салігорску адмовілася распачаць крымінальную справу паводле факту самагубства Паляковай. Чыноўнікі не знайшлі доказаў таго, што праваабаронцу давялі да суіцыду.

Летась тэлеканал “Белсат” зняў дакументальны фільм пра гісторыю праваабаронцы, змушанай да самагубства. Стужка “Забойства напярэдадні вясны” даступная да прагляду і спампоўвання на нашай старонцы.

belsat.eu

Стужка навінаў