Не пускаюць з-за прозвішча


Жонку лідара Аб’яднанай грамадзянскай партыі Святлану Лебядзьку ўжо больш за гадзіну трымаюць на беларуска-літоўскай мяжы.

Як распавёў “Белсату” Анатоль Лябедзька, спачатку ў ягонай жонкі забралі пашпарт. Потым загадалі перагнаць аўтамабіль з агульнай чаргі на адмысловую стаянку. “Ужо больш за гадзіну цягнецца гэтая зневажальная працэдура: даглядаюць асабістыя рэчы жонкі, аўта разабралі літаральна па вінціку і няспынна нешта шукаюць”, – гаворыць Анатоль Лябедзька. Паводле яго, памежнікі адмаўляюцца патлумачыць Святлане, з чым звязаны такі “шчыльны агляд”. Праўда, адзін з іх у неафіцыйнай размове заўважыў: “Ну, вы ж жонка Анатоля”.

Спадарыня Святлана вярталася з Вільні ды была затрыманая беларускімі памежнікамі на пераходзе “Каменны Лог”. Сёння ж уранку і сам палітык не змог выехаць у Літву на запланаваныя там сустрэчы.

Анатоль Лябедзька расцэньвае сённяшнія падзеі як “спецаперацыю супраць сям’і”. Ён упэўнены “на ўсе 100 %”, што ўлады Беларусі выканалі пагрозу і склалі спісы невыязных з краіны. “З чым жа яшчэ можа быць звязаная забарона на мой выезд за мяжу? Тыдзень таму я быў у Кіеве, учора вярнуўся з Масквы, у гэты прамежак ні ў якіх несанкцыянаваных акцыях удзелу не браў. Ніякіх крымінальных справаў супраць мяне таксама не існуе”, – пракаментаваў “Белсату” сваё ранішняе затрыманне на беларуска-літоўскай мяжы лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі.

Палітык не выключае, што будзе вырашаць спрэчнае пытанне праз суд. Але спачатку, кажа, яму хацелася б дэталёва высветліць усе акалічнасці таго, што адбылося.

belsat.eu

Стужка навінаў