Каб зарабіць на кватэру, беларусу трэба галадаць амаль 30 гадоў


Беларусь апынулася сярод лідараў у рэйтынгу краінаў з самым недасяжным жытлом.

Рэйтынг склала міжнародная кампанія “Evans”. Сярэдні кошт кватэры ў Беларусі – прыкладна 90 тыс. еўраў, а сярэдні гадавы прыбытак сям’і – 3203 еўраў. Каб назапасіць грошы на ўласнае жытло, беларусу трэба не есці і не піць 28 гадоў і 1 месяц, падлічылі эксперты кампаніі.

Праваабаронца Людміла Гразнова звяртае ўвагу на тое, што пытанне пра кошт жылля Лукашэнка ўздымае кожныя пяць гадоў – напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў. У 2001 годзе дзейны прэзідэнт абяцаў, што да 2005 г. кошт квадратнага метра нерухомасці будзе не вышэйшы за сярэднемесячны заробак шараговага беларуса. У 2006 годзе ён зноў узгадваў пра гэта.

Не забыўся дзейны прэзідэнт паабяцаць таннае жытло і на сёлетнім Усебеларускім народным сходзе: “Да 2016 г. для асноўнай масы насельніцтва стане даступным будаўніцтва жылля за кошт уласных і запазычаных сродкаў”.

Паводле звестак аналітычнага цэнтру Realt.by, сярэдні кошт квадратнага метра ў сталіцы сёння складае 1300 долараў. Гэта перавышае вызначаны прэзідэнтам нарматыў (нават пры абяцаным заробку ў 500 долараў) болей як удвая.

Глядзі таксама
Каментары