Беларускі чорны спіс у дзеянні (дапоўнена)


Лідара Аб’яднанай грамадзянскай партыі не выпусцілі з Беларусі. Памежнікі заявілі палітыку, што ён не можа выехаць з Беларусі ў краіны Еўразвязу.

Інцыдэнт здарыўся на беларуска-літоўскай мяжы. Прычыны забароны выезду Анатолю Лябедзьку не патлумачылі. «Сказалі толькі: звяртайцеся па месцы жыхарства. Маўляў, у нас тлумачэння няма, а камп’ютар выдае «нявыезд». І ў картцы на выезд паставілі штамп «анулявана», – прыводзіць словы палітыка сайт прыхільнікаў АГП.

Раней у медыях з’явілася неафіцыйная інфармацыя пра тое, што ўлады Беларусі склалі спіс са 108 прозвішчаў людзей, якім забароняць выезд за межы Беларусі. Падстава для забароны – заявы пра неабходнасць узмацніць візавыя і эканамічныя санкцыі супраць беларускага рэжыму і паплечнікаў Лукашэнкі. Ананімная крыніца паведаміла, што ў спіс уваходзяць Аляксандр Ярашук (лідар незалежных прафсаюзаў), Жана Літвіна (старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў) і Станіслаў Шушкевіч (старшыня партыі «Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада»).

У Літву Лябедзька ехаў для правядзення ўнутрыпартыйных сустрэчаў. У яго таксама планаваліся сустрэчы ў МЗС, парламенце Літвы і мэрыі Вільні. «Тое, што адбылося, ніяк не перашкодзіць міжнародным кантактам АГП. Проста запланаваныя сустрэчы правядуць іншыя людзі», – зазначыў Лябедзька.

Лідар АГП перакананы, што ніякіх прававых падставаў для нявыпуску яго за мяжу не існуе. «У мяне няма якіх-небудзь непагашаных штрафаў, няма непагашанай судзімасці. Чаму насуперак беларускім законам і Канстытуцыі, якая гарантуе права свабоднага перамяшчэння, мяне не выпусцілі? Я лічу, што гэта палітычнае рашэнне, і не выпускаюць мяне з краіны з палітычных матываў», – заявіў палітык.

Нагадаем, 1 сакавіка начальнік упраўлення нагляду за выкананнем заканадаўства і законнасцю прававых актаў Генеральнай пракуратуры Беларусі Павел Радзівонаў заявіў: апазіцыянерам, якія заклікаюць да санкцыяў у дачыненні сваёй краіны, могуць абмежаваць выезд за мяжу.

Паводле прадстаўніка Генпракуратуры, калі «ад суб’ектаў гаспадарання або грамадзянаў, чые правы ў выніку вышэйзгаданых дзеянняў былі ўшчэмленыя, паступяць адпаведныя звароты, то з’явяцца рэальныя падставы для распачынання крымінальных справаў і прыцягнення ў якасці фігурантаў адпаведных асобаў».

belsat.eu

Стужка навінаў