Кіраўніца Нацбанку: Беларусь можа абысціся без крэдыту МВФ


Беларусь зацікаўленая ў атрыманні новага крэдыту МВФ, але можа абысціся і без яго. Такую заяву зрабіла 7 сакавіка ў інтэрв’ю дзяржаўнаму інфармацыйнаму агенцтву «БЕЛТА» старшыня праўлення Нацбанку Надзея Ермакова.

З 22 лютага да 6 сакавіка ў Менску працавала місія МВФ на чале з Крысам Джарвісам. На брыфінгу 5 сакавіка кіраўнік місіі даў зразумець, што найбліжэйшым часам новы крэдыт МВФ Беларусь наўрад ці атрымае.

Фонд, падкрэсліў Джарвіс, мае быць упэўнены, што «людзі і структуры, якія адказваюць за прыняцце рашэнняў на самым высокім узроўні, падтрымліваюць прапанаваныя захады эканамічнай палітыкі». «Нам таксама патрэбная ўпэўненасць у тым, што новую праграму падтрымаюць краіны – чальцы МВФ», – падкрэсліў ён.

Паводле Ермаковой, «прадстаўнікі МВФ, якія былі тут, не хаваюць, што ў большай ступені маюць уплыў палітычная сітуацыя і палітычныя пытанні, згода краінаў – удзельніц МВФ працаваць з Беларуссю паводле новай праграмы». «Гэта, напэўна, самае галоўнае пытанне», – дадала яна.

Што да эканамічных рэкамендацыяў МВФ, то старшыня праўлення Нацбанку пракаментавала іх наступным чынам: «Высновы, якія яны зрабілі наконт таго, што трэба затармазіць рост рэальнай заработнай платы і, магчыма, нават яе знізіць, напэўна, не ўкладваюцца ў нармальнае разуменне. Як можна рэкамендаваць пагоршыць жыццё насельніцтва? Заработная плата ў нас для бюджэтнікаў запланаваная ў выдаткавай частцы бюджэту. Не выплаціць яе – значыць, зрабіць штучны прафіцыт бюджэту. Навошта гэта рабіць? Тым больш што людзі ж зарплату павінны атрымаць. Калі ўзяць заработную плату на вытворчых прадпрыемствах, то там не змогуць яе выплаціць у большым памеры, чымся атрымалі сродкаў за кошт выручкі. Навошта іх прымушаць ці неяк стымуляваць да таго, каб яны не атрымлівалі выручку? Гэта таксама зусім няправільна».

Як сцвярджае Ермакова, «структурныя пераўтварэнні ў эканоміцы ідуць». «Можа быць, павольнымі тэмпамі, але яны ў нас ідуць, – падкрэсліла кіраўніца Нацбанку. – Але адразу раптам у адно імгненне зрабіць пераўтварэнні – гэта таксама нерэальна. Спачатку ўсё трэба прадумаць, а потым ужо рабіць. «Дарожная карта» ў нас ёсць, але яна не тая, якую Міжнароднаму валютнаму фонду хацелася б бачыць».

Надзея Ермакова нагадала, што Беларусь разлічвала атрымаць ад МВФ 3,5 млрд долараў для рэфінансавання старой пазыкі перад фондам (у 2009–2010 гг. МВФ выдзеліў Беларусі крэдыт памерам 3,46 млрд долараў).

«Мы абыдземся і без іх, – рэзюмавала чыноўніца. – Але нам трэба зарабіць тыя грошы, якія мы павінны вярнуць МВФ. Ёсць іншае пытанне, можа быць, нават больш сур’ёзнае, – гэта імідж краіны. Калі з табою працуе міжнародны фінансавы інстытут, то ты маеш большы імідж. Але, я думаю, прыйдуць іншыя інстытуты: Сусветны банк з намі працуе, Еўрапейскі банк рэканструкцыі ды развіцця».

belsat.eu

Стужка навінаў