Віктар Чарноў: З надзеямі на крэдыт МВФ можна развітацца


Палітолаг Віктар Чарноў упэўнены, што Беларусь не атрымае чарговага крэдыту ад Міжнароднага валютнага фонду. Беларусь так і не зрабіла рашучых крокаў да рэфармавання эканомікі, аднак галоўныя прычыны, паводле эксперта, маюць палітычны характар.

«Апошнія падзеі – дыпламатычны скандал, нявырашанасць пытання з палітвязнямі – прыводзяць да таго, што з надзеямі на атрыманне крэдыту можна развітацца», – заявіў палітолаг у інтэрв’ю тэлеканалу «Белсат». Паводле Віктара Чарнова, менавіта знешнепалітычны фактар адыгрывае галоўную ролю ў наладжванні нармальных эканамічных адносінаў Беларусі з патэнцыйнымі інвестарамі.

Запазычанасць Беларусі перад МВФ складае цяпер 3,8 млрд долараў. Новы крэдыт, паводле кіраўніцтва Нацбанку, меўся б рэфінансаваць гэтую запазычанасць.

«МВФ – незалежная структура. І яна прымае рашэнні самастойна. З іншага боку, людзі з МВФ маюць уласную палітычную пазіцыю і, несумненна, яна таксама будзе ўплываць на прыняцце рашэнняў у дачыненні Беларусі, – гаворыць Віктар Чарноў. – Вядома, яны не будуць публічна заяўляць, маўляў, мы не выдаём крэдыт з палітычных матываў. Яны заўсёды знойдуць «зачэпку» ў эканамічнай сітуацыі ў Беларусі. Тым больш што рэформы не адбываюцца».

Палітолаг падкрэслівае, што беларуская эканоміка мае вострую патрэбу ў рэформах. «Як толькі краіна ўпадае ў эканамічны штопар, пачынаюцца размовы пра рэформы, лібералізацыю. Але як толькі краіна атрымлівае чарговы крэдыт, адразу ж размовы сціхаюць», – гаворыць ён. Паводле Віктара Чарнова, у Беларусі трэба стварыць максімальна спрыяльныя ўмовы для развіцця малога і сярэдняга бізнесу ды палепшыць інвестыцыйны клімат. Аднак, падкрэслівае эксперт, рэформы не праводзяцца, бо ўлада адчувае небяспеку згубіць кантроль над значным сектарам эканомікі.

belsat.eu

Стужка навінаў