Міхаіл Залескі: Паводле паказнікаў, краіна “адкацілася” на 30 гадоў


Эканаміст каментуе дасягненні, якімі Аляксандр Лукашэнка пахваліўся ў перадвыбарчай кампаніі.

“Я не разумею, чаму тут радавацца? Вось для параўнання: мы электраэнергіі вырабляем столькі, колькі ў 1970 годзе, хімвалакна столькі ж, колькі у 1970 годзе, мы робім чвэрць аўтамабіляў, якія мы рабілі ў 1980 годзе”, – кажа эканаміст Міхаіл Залескі, які прааналізаваў паказнікі развіцця краіны, агучаныя дзейным прэзідэнтам.

“Паказнікі дасягнутыя не ўладамі, а народам – насуперак мітусні і безгаловасці ўладаў. Людзі працуюць, як умеюць, і пры той дэзарганізацыі, якая пануе ў краіне, дасягаюць вось такіх вось вынікаў 30-гадовай даўніны”, – зазначае эксперт.

Міхаіл Залескі тлумачыць, што рост энергаашчаджэння дасягнуты за кошт скарачэння вытворчасці: “Калі мы робім 1/3 частку трактароў, дык і энергіі спажываем меней”.

Што ж датычыць паляпшэння ўзроўню жыцця часткі насельніцтва, дык, паводле эканаміста, гэта звязана з тым, што з савецкіх часоў доля заработнай платы ў сабекошце прадукцыі павялічылася ўтрая.

Ён таксама звярнуў увагу на тое, што прэзідэнт маўчыць пра негатыўныя змены, якія адбываюцца ў беларускім грамадстве: “Што ў нас чвэрць мільёну наркаманаў у краіне, што ў нас ад наркотыкаў штогод гіне людзей больш, чым ад гарэлкі. Вялікімі тэмпамі расце колькасць псіхічных захворванняў”. Паводле Міхаіла Залескага, адбываецца гэта праз тое, што пэўнае паляпшэнне ўзроўню жыцця не падмацавана культурным ростам.

belsat.eu

Стужка навінаў