Сяргей Каваленка патрабуе зняць з яго ўсе абвінавачанні


Да таго часу ён не збіраецца спыняць галадоўкі.

Пра гэта палітвязень паведаміў жонцы Алене сёння падчас спаткання ў СІЗА на Валадарскага. «Сяргей настроены вельмі рашуча. Адмоўна рэагуе на ўсе ўгаворванні кінуць галадоўку. Сказаў, што не спыніць яе, пакуль з яго не знімуць усіх абвінавачанняў, – распавяла «Белсату» Алена Каваленка. – Усім тым людзям, што просяць мужа спыніць галадоўку, Сяргей прасіў перадаць, што калі хочуць дапамагчы яму і выратаваць ягонае жыццё, няхай выходзяць на вулічныя акцыі», – перадае словы мужа з-за кратаў Алена Каваленка.

Паводле жанчыны, ейны муж цяпер важыць усяго 55 кг. У яго пачаліся праблемы з унутранымі органамі. Адміністрацыя турэмнага шпіталю 7 сакавіка збіраецца паказаць Сяргея Каваленку цывільным медыкам.

Палітвязня змясцілі ў турэмны шпіталь у Менску некалькі дзён таму. З-за працяглай галадоўкі ў вязня рэзка пагоршылася здароўе. «Як я зразумела з размовы з Сяргеем, знаходзіцца ён у звычайнай камеры, толькі з палегчаным рэжымам утрымання», – распавядае Алена Каваленка. Са словаў жанчыны, вязням размаўляць са сваякамі пра ўмовы ўтрымання забараняецца. Аднак муж здолеў ёй паведаміць, што яго сёння зранку перавялі ў іншую камеру, бо ў старой супраць яго спрабавалі ўчыніць правакацыю. Алена Каваленка ўпэўненая, што гэта рабіў спецыяльна падсаджаны да мужа правакатар, бо «звычайныя» вязні ставяцца да Сяргея Каваленкі вельмі прыязна і ўсяляк падтрымліваюць яго.

Актывіста КХП БНФ Сяргея Каваленку суд прызнаў вінаватым у парушэнні рэжыму адбыцця «хатняй хіміі» за вывешванне бел-чырвона-белага сцяга на навагодняй ялінцы ў Віцебску і асудзіў на 2 гады і месяц калоніі. На знак пратэсту супраць выраку, які ён лічыць незаконным, вязень з сярэдзіны снежня трымае галадоўку. За гэты час Сяргей Каваленка схуднеў болей як на 30 кг.

belsat.eu

Стужка навінаў