Як Пуцін вырашыць «беларускае пытанне»?


https://youtu.be/Lkt0bTR_wjY
Паводле палітолага Аляксандра Класкоўскага, новаабраны прэзідэнт Расеі скарыстаецца дыпламатычнаю вайною з Еўразвязам.

Эксперт кажа, што пасля залагоджвання ўнутранай сітуацыі Уладзімір Пуцін вернецца да “беларускага пытання”. І пастараецца развязваць яго ў рэчышчы, выгадным Крамлю: “А менавіта – прасоўваць свой праект еўразійскай інтэграцыі. У разуменні Крамля гэта звязана з тым, каб Беларусь ахвяравала пэўнымі часткамі свайго суверэнітэту. Напэўна, будзе пастаўленае пытанне пра пераход на расейскі рубель, пра тое, каб прывабныя актывы ў Беларусі былі прададзеныя расейскаму капіталу”.

Палітолаг не выключае, што менавіта Масква і падштурхнула кіраўніцтва Беларусі да дыпламатычнай вайны з Еўразвязам, з чаго цяпер і пастараецца скарыстацца.

Паводле Класкоўскага, урад Беларусі разумее: за шыльдаю еўразійскай інтэграцыі стаіць інкарпарацыя, што азначае страту ўлады для цяперашняй кіроўнай групоўкі. “Таму Лукашэнка будзе ўпірацца да апошняга, ён будзе разгортваць баі вакол кожнага пункту гэтых еўразійскіх пагадненняў. Іншая рэч, што рэсурс для супраціву цяпер невялікі. Беларуская мадэль пасаджаная на датацыйную расейскую іголку, саскочыць з якой будзе вельмі цяжка. Таму здаровы сэнс падказвае, што трэба хутчэй згортваць гэтую ваяўнічую рыторыку адносна Захаду і старацца неяк залагодзіць пытанне, зноў разблакаваць заходні вектар”.

Расея не будзе папракаць Беларусь за парушэнні правоў чалавека. Масква пачне патрабаваць, “каб не калоніяй, а такою “напаўкалоніяю”, дэ-факта расейскаю правінцыяй з нейкімі фармальнымі атрыбутамі суверэнітэту стала Беларусь”.

І самае галоўнае, падкрэслівае эксперт, Расея не дазволіць Беларусі правесці мадэрнізацыі, бо сама ёсць сыравіннаю краінаю і значна адстае ад Захаду ў тэхналагічным абсталяванні. А паколькі інвестыцыі ды навуковы прагрэс у Беларусь могуць прыйсці толькі з Захаду, улады краіны мусяць хаця б дзеля самазахавання распачаць з ім дыялог.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары