На сваім мітынгу Пуцін праслязіўся, апазіцыйныя разагнаў


У Маскве падчас учорашняй акцыі пратэсту супраць перамогі Уладзіміра Пуціна на прэзідэнцкіх выбарах затрымалі каля 250 чалавек. Мітынг апазіцыі на Пушкінскай плошчы быў узгоднены з уладамі гораду, у ім, паводле розных звестак, прынялі ўдзел ад 14 000 да 30 000 чалавек.

Расейская служба “Бі-Бі-Cі” са спасылкаю на прэс-службу галоўнага ўпраўлення Міністэрства ўнутраных справаў Расеі паведамляе, што затрымалі тых, хто пасля мітынгу адмовіўся пакінуць Пушкінскую плошчу, заявіўшы пра пачатак бестэрміновай акцыі пратэсту супраць вынікаў парламенцкіх і прэзідэнцкіх выбараў. Усіх, у тым ліку апазіцыянераў Аляксея Навальнага, Іллю Яшына і Сяргея Удальцова, адпусцілі сёння ўранку.

На іх склалі пратаколы за парушэнне парадку арганізацыі або правядзення мітынгу. За гэта прадугледжаны штраф ад 1000 да 2000 рублёў. Затрыманыя арганізатары акцыі, у сваю чаргу, упэўненыя, што на момант разгону мітынгу не было: людзі мірна стаялі на плошчы, таму паліцыя беспадстаўна ўжыла сілу.

Сяргей Удальцоў пасля вызвалення паведаміў, што апазіцыя вырашыла адмовіцца ад мітынгаў, запланаваных на 8 і 9 сакавіка ў Маскве, бо не здолела дамовіцца з маскоўскімі ўладамі аб месцы іх правядзення. Мэрыя прапанавала перанесці акцыі з Арбацкай плошчы на Балотную. На 10 сакавіка апазіцыя падала заяўку на правядзенне шэсця па Кутузаўскім праспекце ад Паклоннай гары да Новага Арбату. Гэтую акцыю гарадскія ўлады таксама прапанавалі перанесці – на Фрунзенскую набярэжную.

Удальцоў паведаміў, што на паседжанні аргкамітэту “За сумленныя выбары” пастанавілі “цалкам сканцэнтравацца на арганізацыі шэсця 10 сакавіка”. Сёння, кажа ён, у мэрыі маюць абмеркаваць дэталі яго правядзення.

Паводле папярэдніх вынікаў, Уладзімір Пуцін набраў амаль 64 % галасоў. Асацыяцыя “Голас”, якая паралельна з Цэнтрвыбаркамам лічыла бюлетэні, дае расейскаму прэм’еру на 13 % менш.

У нядзелю, 4 сакавіка, на Манежнай плошчы ў Маскве сабраліся каля 100 000 прыхільнікаў Пуціна, які выйшаў на сцэну з Дзмітрыем Мядзведзевым. Пакуль той прамаўляў, Пуцін праслязіўся. Як патлумачыў пазней, “ад ветру”.

belsat.eu

Стужка навінаў