Апытанне: хто лепшы прэзідэнт – гомасексуаліст ці дыктатар?


На хвалі апошніх выказванняў Аляксандра Лукашэнкі на адрас міністра замежных справаў Нямеччыны Гіда Вэстэрвэле карэспандэнты «Белсату» запыталі ў жыхароў сталіцы, якая з дзвюх якасцяў для палітыка менш важная.

Чацвёра апытаных палічылі, што палітык нетрадыцыйнай арыентацыі будзе лепшым за дыктатара. «Не дыктатара, дакладна», – запэўніў малады чалавек. «Блакітны», па-мойму, лепшы. Бо трэба, каб палітык рабіў усё для народу, а не быць эгаістам», – выказаўся наступны. «Думаю, «блакітны» быў бы лепшы. Прыемнейшы для нас», – зрабіў выснову хлопец. «Ну, дыктатар, напэўна, увогуле кепска, – разважае іншая рэспандэнтка. – «Блакітны», напэўна, прасцейшы».

Дзве жанчыны «прагаласавалі б» за дыктатара. «Галоўнае, каб для народу рабіў добрае», – заявіла адна апытаная. «Няхай лепей дыктатар будзе, але каб народу жылося пры ім добра, – уключылася ў размову ейная сяброўка. – Я думаю, гэта лепей, чым быць блакітным і недзе там невядома чым займацца. Бо народ усё адно ўсё бачыць».

Яшчэ дзве апытаныя выступілі супраць абедзвюх характарыстыкаў у біяграфіі палітыка. «У любым выпадку іншага выбару ў нас няма», – заявіла жанчына, прызнаўшыся, што «блакітныя» ёй «таксама не даспадобы». «Я супраць усялякага нацыяналізму, супраць усялякіх блакітных-зялёных, я за шчырасць, – паведаміла рэспандэнтка. – Самае галоўнае – трэба сябраваць і мірна суіснаваць […] Я супраць любой праявы дыктатарства».

Таксама двое рэспандэнтаў заявілі, што ім усё адно. «Мне ўсё адно, але каб жылося добра», – прызнаўся хлопец. «Палітык мусіць дзеяць, зыходзячы з інтарэсаў сваёй краіны. А які ягоны колер, уласна, мне ўсё адно», – падкрэсліла наступная рэспандэнтка.

belsat.eu

Стужка навінаў