Эксперт: Незалежныя сацыёлагі баяцца ісці на экзіт-полы


Сацапытанні падчас выбараў прэзідэнта будуць пад кантролем уладаў.

Ліцэнзіі на правядзенне экзіт-полаў на прэзідэнцкіх выбарах Беларусі атрымалі аналітычны цэнтр “ЭкооМ”, Рэспубліканскі саюз грамадскіх аб’яднанняў “Беларускі камітэт маладзёвых арганізацый” і кампанія “TNS-Украина”.

Палітолаг Святлана Навумава падкрэслівае, што ў спісе адсутнічаюць незалежныя беларускія даследчыкі або арганізацыі. Паводле інфармацыі “Белсату”, няўрадавыя структуры, якія маюць ліцэнзіі на правядзенне экзіт-полаў, не збіраюцца іх выкарыстоўваць. А незалежныя сацыялагічныя службы, якія іх не маюць, нават не звярталіся ў гэтай справе ў спецыяльную камісію пры Акадэміі Навук.

Святлана Наумава тлумачыць, што яны баяцца “умешвацца у палітыку”, каб не страціць магчымасць працаваць у Беларусі. Яна выказвае сумнеў, што дадзеныя экзіт-полаў будуць аб’ектыўныя.

Па меркаванні эксперта, першыя дзве структуры займаюцца даследваннямі, якія не маюць дачыннення да сацыялогіі і з’яўляюцца праўладнымі арганізацыямі. Паводле Святланы Навумавай, аналітычны цэнтр “ЭкооМ” быў створаны ў 2003 годзе “для абслугоўвання інтарэсаў рэжыму”. Што датычыць “Беларускага камітэту маладзёвых арганізацый”, дык ён аб’ядноўвае праўладныя структуры для дзяцей і моладзі.

“Шэрым конікам у гэтым спісе для мяне з’яўляецца кампанія “TNS-Украина”. Не давяраць гэтай кампаніі падставаў няма. Але падрабязнасцяў таго, хто замовіў украінцам дасследванне, мы не ведаем”, – гаворыць Святлана Наумава. Паводле інфармацыі “Белсату”, кампанія будзе працаваць на замову беларускага тэлеканалу АНТ.

belsat.eu

Стужка навінаў