Размова з Агнешкаю Рамашэўскаю-Гузы пра тэлеканал «Белсат»


З Агнешкаю Рамашэўскаю-Гузы пра тэлеканал «Белсат», а таксама пра тое, ці ёсць Польшча пупам свету і чаму ў Беларусі на дэманстрацыі «выходзяць» плюшавыя цацкі, размаўляе Анджэй Качмарчык з парталу Таварыста Польскіх Журналістаў. Публікуем пераклад поўнай версіі тэксту.

Агнешка Рамашэўская-Гузы – віцэ-старшыня Асацыяцыі польскіх журналістаў. Скончыла гістарычны факультэт Варшаўскага ўніверсітэту. Выступіла адною з заснавальнікаў Незалежнай асацыяцыі студэнтаў і руху «Свабода і мір». У часы ваеннага становішча была інтэрнаваная. З 1992 г. звязаная з Польскім тэлебачаннем. Працавала ў замежнай секцыі, сярод іншага, прэзентавала падзеі ў Босніі, Косаве, Македоніі ды Румыніі. У 1995–2001 гг. зняла шэсць рэпартажаў і дакументальных фільмаў, сярод іншага «У цені КДБ», «Місіянеры», «Таварышы і сябры» ды «Чужая бацькаўшчына». У 2002 г. яе як старшыню суполкі Асацыяцыі польскіх журналістаў на Польскім тэлебачанні і чальца Управы Асацыяцыі польскіх журналістаў няслушна звольнілі з тэлебачання. Вярнулася на працу ў 2004 г. У 2004–2005 гг. працавала міжнародным карэспандэнтам, пераважна рабіла матэрыялы пра сітуацыю ў Беларусі ды Украіне. У лістападзе 2005 г. зрабілася карэспандэнтам у Менску, у снежні ўлады Беларусі скасавалі яе візу. З лістапада 2005 г. была суаўтаркаю праграмы «Беларусь, Беларусь». У 2007–2009 гг. працавала дырэктарам міжнароднага каналу Польскага тэлебачання «TV Polonia». З 2007 г. – дырэктарка тэлеканалу «Белсат».

Апошнім часам тэлеканал «Белсат» атрымаў канкрэтнае абяцанне фінансавага падтрымання ад ураду Нарвегіі. Гэта прыемны падарунак на чацвёртыя ўгодкі станцыі. Як сёння выглядае фінансавае становішча «Белсату»?

Нашая асноўная крыніца фінансавання – гэта Міністэрства замежных справаў Польшчы. Я спадзяюся, што сёлета мы атрымаем з МЗС такую ж суму, як і летась. Спачатку мы разлічвалі на трохі большую суму, чымся мінімум, але гэта, здаецца, нерэальна. Другая крыніца – гэта Польскае тэлебачанне, чыё фінансавае становішча таксама нялёгкае, так што і тут цяжка разлічваць на больш як 4,5–5 млн даляраў на год. Ёсць таксама замежныя спонсары, і ад іх залежыць развіццё нашага каналу. Міністэрства замежных справаў і Польскае тэлебачанне забяспечваюць нам мінімум для выжывання, і я спадзяюся, што гэтак будзе і сёлета… Замежныя донары даюць нам магчымасці росту, а, як вядома, хто не развіваецца, той насамрэч ідзе ў адваротным кірунку…

Прабач, я цябе перапыню. Адносна развіцця. Нават пры даволі павярхоўным праглядзе інтэрнэту немагчыма не звярнуць увагі на галасы экспертаў з Беларусі, якія крытыкуюць канал за недаступнасць, нізкі ўзровень журналістыкі і шурпатасць культурных прапановаў.

Гэта знаёмыя мне думкі, выказаныя больш за тры гады таму, то бок неўзабаве пасля таго, як наш канал пачаў працаваць. Я не магу сказаць, што яны ў той час былі цалкам няслушныя, хоць, магчыма, зыходзілі з вельмі высокіх чаканняў і нецярплівасці. Сёння яны цалкам страцілі актуальнасць. Пачнем з даступнасці. Калі мы стартавалі ў 2007 г., нашыя праграмы трансляваліся толькі праз адзін спадарожнік – «Astra 1KR». Месцам з намі падзялілася Польскае тэлебачанне, якое арэндавала ўвесь транспондар. Гэты спадарожнік сапраўды быў не вельмі папулярны ў Беларусі. Пасля даследаванняў, праведзеных у сярэдзіне 2008 г., мы пачалі таксама трансляцыю праз «Astra 4» («Sirius») – гэта адзін з самых папулярных спадарожнікаў у Беларусі. Цягам 3,5 гадоў нашая аўдыторыя значна павялічылася. Паводле вынікаў даследавання, праведзенага летась у снежні, амаль кожны другі ўладальнік спадарожнікавай антэны ў Беларусі глядзіць «Белсат». У сваю чаргу спадарожнікавыя антэны маюць амаль 20 % насельніцтва.

Вядома, такога імклівага росту, імаверна, не ўдасца ўтрымаць ў наступных гадах з увагі на пэўны бар’ер насычанасці спадарожнікавымі антэнамі ў Беларусі. Мы хутка раслі разам з імклівым павелічэннем колькасці антэнаў, і цяпер, калі гэтая колькасць будзе расці крыху павольней, гэта ўдарыць па нас, хоць мы не збіраемся сядзець склаўшы рукі. Я хачу нагадаць, што ў нас няма магчымасці даваць афіцыйную рэкламу ў Беларусі. Толькі, як кажуць, кума куме. Тым не менш, нас пастаянна глядзяць 8 % дарослых Беларусаў (больш за 900 тыс. чалавек), а яшчэ 4 % заяўляюць, што глядзяць нашыя праграмы час ад часу. Мы ведаем, што ў малых мясцовасцях людзі часта збіраюцца, каб разам глядзець «Белсат» у таго, хто мае антэну…

Часам улады робяць вам рэкламу, зневажаючы ваш канал.

Сапраўды, і так бывала. Што датычыць крытыкі ўзроўню тэлеканалу, то гэтыя крытычныя заўвагі напачатку былі ў некаторай ступені апраўданыя. Мы пачыналі з нуля. Мы будавалі каманду з газетчыкаў і радыёжурналістаў, а не людзей тэлебачання. І ў прынцыпе, часта гэта былі не журналісты, а звычайныя маладыя людзі, якія толькі пачыналі працу ў медыях. Гэтым людзям быў патрэбны час, каб навучыцца працы на тэлебачанні і журналістыцы ў цэлым.

Як вы працуеце, калі вашыя калегі зазнаюць у Беларусі пераслед і нават робяцца ахвярамі рэпрэсіяў?

Гэтая праблема, несумненна, усё яшчэ існуе. Пераважна гэта запалохванне. У нашых журналістаў дагэтуль няма акрэдытацыі, што стварае праблемы з легальнаю працаю. Мы вырашылі, што ў нас як тэлеканалу не будзе замежных працаўнікоў – журналістаў у Беларусі, а будуць толькі партнёры. Гэта стрынгеры, ад якіх мы купляем інфармацыю. Вось так мы і працуем, хоць гэта, вядома, кульгавы спосаб.

Вы ў стане гарантаваць ім бяспеку, ахову?

Гэта залежыць ад цяжкасці рэпрэсіяў. Дагэтуль улады не адважыліся на масавыя рэпрэсіі супраць нашых журналістаў, а мы імкнемся падтрымліваць тых, хто пацярпеў з-за працы. Мы стараемся кампенсаваць іхным сем’ям страту заробку, а ім забяспечыць – пры неабходнасці – юрыдычную дапамогу. Гэта мы лічым сваім абавязкам. Да таго ж яны свядома ідуць на рызыку. Гэта дарослыя людзі, якія працуюць на карысць сваёй краіны па сваёй волі. На жаль, можна ўявіць сабе больш рэпрэсіўную палітыку ўладаў, бо мы ведаем, што гэты тып улады можа выкарыстоўваць больш балючыя метады пераследу. Але я спадзяюся, што гэтага не адбудзецца. Больш за тое, з «Белсатам» ужо не так проста будзе расправіцца, бо на сённяшні момант з намі звязана вельмі шмат людзей: у межах праектаў, якія датычаць не толькі палітыкі, але і розных культурных, адукацыйных праграмаў і г. д. Наўрад ці ўлады Беларусі пойдуць у атаку, бо грамадскі рэзананс быў бы вялізны, у тым ліку за мяжою.

І нарэшце, самае галоўнае – нашая база месціцца ў Польшчы, яна не дасягальная для ўладаў у Менску. І нават калі затрымаць усіх нашых партнёраў у Беларусі, гэта не азначала б, што «Белсат» прыпыніць дзейнасць. Пакуль што ўлады проста пераследуюць нашых журналістаў. Нядаўна аднаго з іх арыштавалі на 11 дзён за здымкі каля будынку КДБ. Спрабуюць запалохаць бацькоў, бо з намі супрацоўнічаюць пераважна маладыя людзі. Але ёсць і іншыя сігналы. Усё часцей беларускія чыноўнікі даюць нам афіцыйныя адказы, чаго раней наогул не здаралася.

А адносіны з уладамі ў Польшчы? Цягам апошніх трох гадоў былі прынамсі тры крызісныя сітуацыі, звязаныя з «Белсатам». Я маю на ўвазе сітуацыі, калі старшыня праўлення Польскага тэлебачання Пётр Фарфал зняў цябе з пасады дырэктаркі; калі спрабавалі без твайго ведама прызначыць тваім намеснікам Вітальда Ляскоўскага; і калі ўвосень вам прызначылі фінансавага намесніка дырэктара, што, як можна зразумець з кантэксту, мусіў лепш за цябе сачыць за фінансаваю дысцыплінаю.

Нашая самая вялікая перавага і адначасова хіба – гэта тое, што мы «нічые». «Белсат» – гэта ініцыятыва, якая зыходзіла знізу, ад польскіх і беларускіх журналістаў. Мы дамагліся падтрымання Польскага тэлебачання. Без гэтага падтрымання мы ніколі не стартавалі б і не выжылі б. «Маці», Польскае тэлебачанне, дала нам першыя грошы. Дала і ўсё яшчэ дае. Яна забяспечвае нашую плацежаздольнасць у тыя моманты, калі мы ўсё яшчэ чакаем абяцаных грошай з іншых крыніцаў, а праграмы ж мусяць рэгулярна выходзіць у эфір. Гэта бясцэнна…

Гэта файна, аднак функцыянаванне ў межах Польскага тэлебачання мае таксама свой шкодны бок. Гэта ўстанова з моцнымі партыйнымі ўплывамі.

Я сказала пра перавагі адносінаў з Польскім тэлебачаннем. Вядома, ёсць і дрэнныя бакі. Гэта разнастайныя ваганні, якія я за 20 гадоў працы тут ведаю ўжо напамяць і вельмі іх не люблю, бо яны аказваюць фатальны ўплыў на прафесіяналізм установы. Вядома, і нас не абмінае такі стыль кіравання тэлебачаннем. Аднак калі каментаваць апошні названы табою факт, то сітуацыя, здаецца, нармалізавалася. Намеснік дырэктара ў фінансавых пытаннях – гэта наш даўні працаўнік, які стварыў фінансавы аддзел «Белсату», таму мы ў добрых зносінах.

Зрэшты, насуперак таму, чаго, магчыма, баялася маё начальства, я таксама вельмі адказны чалавек у фінансавых пытаннях. Пра гэта сведчыць той факт, што «Белсат» працуе за дзясятую частку сродкаў, якія атрымлівае, для прыкладу, нямецкае тэлебачанне «Deutsche Welle», якое працуе на замежжа, а лічыцца, што «Deutsche Welle» атрымлівае замала сродкаў. Вядома, існуе розніца ў коштах паміж Польшчаю (і Беларуссю) ды Нямеччынаю, розніца ў заробкавых чаканнях на рынку і г. д., хоць па-мойму можна было б казаць пра параўнальна аднолькавы ўзровень фінансавання, калі б мы атрымлівалі траціну бюджэту «Deutsche Welle». Між тым, у нас не 20 млн, а 6 млн еўраў. Такім чынам, мы вельмі «танныя», калі ўлічыць, што мы вядзем трансляцыю 17 гадзінаў на дзень, пры гэтым штодня рыхтуем інфармацыйныя праграмы і ствараем істотную бібліятэку дакументальнага кіно. Мы – сапраўдныя майстры ў вытворчасці прафесійных праграмаў за невялікія грошы, нават на фоне Польскага тэлебачання. Часам мне бывае крыўдна, што замест таго каб выкарыстоўваць наш досвед і вучыцца на ім, нас называюць марнатраўцамі.

Напрыканцы размовы прапаноўваю пакінуць тэлевізійныя пытанні ды паразмаўляць пра Беларусь. На сайце «Белсату» я бачыў паведамленне пра дэманстрацыю, якая адбылася ў Менску некалькі дзён таму. Гэта быў пратэст плюшавых цацак. На вуліцы ў цэнтры гораду апазіцыя выставіла плюшавыя цацкі, якія трымалі транспаранты: «Цацкі супраць беззаконня», «Міліцыянты вырвалі ў мяне вока». Дэманстрацыя была кароткая, а цацкі затрымала сапраўдная міліцыя. Я з прыкрасцю падумаў: шкада, што такое паведамленне, гучнае і цікавае, так і не з’явілася ў польскіх медыях. Мы, здаецца, цікавімся Беларуссю толькі час ад часу.

У мяне складаецца ўражанне, што ў нас, у Польшчы, асабліва ў электронных медыях, наогул сур’ёзныя праблемы з інфармацыяй з замежжа. Мы схільныя лічыць Польшчу пупам свету. Калі мы засяроджваемся на тым, што адбываецца за мяжою, то часта з цікавасці, як нас там успрымаюць. Напрыклад, у Расеі цяпер адбываюцца вельмі важныя падзеі, якія мусяць быць у цэнтры нашай увагі, якім амаль штодня мае быць прысвечаны час у асноўных выданнях навінаў. Між тым, адна з галоўных польскіх газетаў «Rzeczpospolita» адклікала свайго маскоўскага карэспандэнта. Перад самымі выбарамі! Вядома, што ўлада ў Расеі, імаверна, не зменіцца ў бліжэйшай будучыні, але ж адбываюцца важныя змены ў грамадстве. Беларусь, у сваю чаргу, часта нас цікавіць не сама па сабе, а выключна ў кантэксце польскай меншасці, што, несумненна, вельмі важна для палякаў, але нельга гэтым абмяжоўвацца. Я вельмі крытычна стаўлюся да такога вызначэння галоўнымі рэдактарамі зацікаўлення сваіх чытачоў або гледачоў.

Дэманстрацыя плюшавых цацак нагадвае мне нашую (рэд. польскую)«Памаранчавую альтэрнатыву». Я не памыляюся?

Магчыма, ёсць некаторае падабенства. Маладыя людзі ў Беларусі не адчуваюць сувязі з рэжымам. Беларуская апазіцыя маладзее, мяняецца яе мова. Маладыя людзі больш схільныя «рабіць прыколы». Гэта выдатна, і галоўнае, што на добры гумар улады часта не ведаюць, як адрэагаваць.

Што пажадаць тэлеканалу «Белсат» на пятым годзе працы?

Перш за ўсё чарговых замежных спонсараў, каб нашая ініцыятыва была ўсё больш міжнароднаю і еўрапейскаю, а не была цяжарам на польскіх плячах. Напэўна, пажадаць не паддавацца руціне. Каб у нас не было нястачы ідэяў і людзей, гатовых іх рэалізаваць. І па-трэцяе, каб мы падрыхтавалі добрых менеджараў, пераемнікаў на сваё месца, бо я не вечна буду «беларускаю» журналісткаю і праз пару гадоў, імаверна, захачу ісці далей сваім шляхам. «Белсат» тады мусіць цвёрда стаяць на сваіх нагах. Гэта праект не на тры або чатыры сезоны. Гэта ўстанова на доўгія гады…

Стужка навінаў