Муж Цімашэнкі: Стан здароўя Юліі вельмі кепскі


Аляксандр Цімашэнка, муж зняволенай лідаркі апазіцыі, абвінавачвае ўлады ў бяздзейнасці, у выніку якой пагаршаецца стан Юліі Цімашэнкі, ды патрабуе для яе лячэння за мяжою.

“Цяпер ейны стан здароўя вельмі кепскі. Міністэрства аховы здароўя Украіны пасля шматлікіх абяцанак дапамагчы ў лячэнні нічога пакуль не робіць у гэтым пытанні, – заявіў муж Юліі Цімашэнкі. – Мы патрабуем, каб яна праходзіла лячэнне не ў калоніі, ды найлепш – за межамі Украіны. Мы ўпэўненыя, што ва Украіне ёй не дапамогуць”.

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, у Цімашэнкі выяўленая кіла хрыбетніка, аднак афіцыйна дыягназу не абвяшчаюць. Гэтая хвароба ў большасці выпадкаў патрабуе хірургічнага ўмяшання, і яе лячэнне не магчымае ва ўмовах калоніі.

Украінскі суд прызнаў Юлію Цімашэнку вінаватаю ў перавышэнні службовых паўнамоцтваў і нанясенні стратаў дзяржаўнаму прадпрыемству “Нафтагаз Украіны”. Вырак – 7 гадоў турмы ды забарона цягам 3 гадоў займаць дзяржаўныя пасады. Акрамя таго, суд забавязаў Цімашэнку выплаціць “Нафтагазу” 188 млн долараў.

belsat.eu

Стужка навінаў