У Беларусі стартавала ўступная кампанія


5 сакавіка ў Беларусі стартавала ўступная кампанія – пачалася рэгістрацыя абітурыентаў для праходжання прафесійна-псіхалагічнай гутаркі, што неабходная дзеля паступлення на асобныя спецыяльнасці.

Гаворка ідзе пра спецыяльнасці “Дзяржаўнае кіраванне”, “Дзяржаўнае кіраванне і права”, “Дзяржаўнае кіраванне і эканоміка”, “Міжнародныя дачыненні”, “Міжнароднае права”, “Правазнаўства”, “Эканамічнае права”, “Журналістыка” (у тым ліку, калі яна ёсць дадатковаю спецыяльнасцю), “Міжнародная журналістыка” і “Мытная справа”. Для кожнай групы спецыяльнасцяў вызначаны пералік універсітэтаў ва ўсёй Беларусі, дзе можна прайсці гутарку.

Паводле інфармацыі Міністэрства адукацыі, рэгістрацыя на гутарку пройдзе да 31 сакавіка ўключна. Заяву можна перадаць асабіста (неабходны дакумент, які сведчыць асобу) або поштаю (з копіяй дакумента, што сведчыць асобу).

Абітурыент мае права прайсці гутарку ў кожнай групе спецыяльнасцяў. Аднак праходзіць гутарку на адну і тую ж спецыяльнасць (групу спецыяльнасцяў) у розных універсітэтах нельга. Тым, хто зарэгістраваўся на адну спецыяльнасць двойчы, прапануюць прайсці гутарку па першым з двух адрасоў запісу.

Прафесійна-псіхалагічная гутарка будзе адбывацца з 5 да 30 красавіка ў адпаведнасці з графікамі, зацверджанымі ўніверсітэтамі. У склад камісіі ўваходзіць адзін з намеснікаў кіраўніка ВНУ або кіраўнік факультэту, на якім ажыццяўляецца падрыхтоўка спецыялістаў ва ўказаных спецыяльнасцях, прафесары, дацэнты, выкладчыкі, псіхолагі, сацыяльныя педагогі ды іншыя працаўнікі вышэйшых навучальных установаў, а таксама кваліфікаваныя адмыслоўцы адпаведных галінаў эканомікі ды сацыяльнай сферы Беларусі. Дакументам аб выніках гутаркі стане рэкамендацыя для ўдзелу ў конкурсе на атрыманне вышэйшай адукацыі. Яна выдаецца ў дзень праходжання гутаркі.

Падчас гутаркі абітурыент “мусіць даказаць членам камісіі, што ён асэнсавана зрабіў выбар будучай прафесіі”: паказаць свае асабістыя, дзелавыя якасці, здольнасці ды матывацыі да навучання ў названых спецыяльнасцях.

Ад праходжання прафесійна-псіхалагічнай гутаркі вызваленыя толькі замежныя грамадзяне, якія плануюць паступаць у беларускія ўніверсітэты, але жывуць за межамі Беларусі. Аднак замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія стала жывуць у краіне, таксама мусяць прайсці гутарку.

belsat.eu

Стужка навінаў