Апытанне: жыхары Масквы пра перамогу Пуціна


Абвяшчэнне Уладзіміра Пуціна пераможцам на прэзідэнцкіх выбарах ні для каго ў Расеі не сталася сюрпрызам. Журналісты распыталі жыхароў Масквы, як тыя ставяцца да афіцыйных вынікаў галасавання.

“Мне падабалася тое, што Пуцін рабіў у папярэднія гады, мне падабаецца, як ён дзеяў у якасці прэм’ер-міністра ў нашай краіне”, – падзяліўся сваімі думкамі жыхар Масквы. “Гэта – адзіны чалавек, які можа штосьці зрабіць”, – дадала рэспандэнтка.

“Я не здзіўлены. Збіраюся “сабраць трактар”. Ёсць такі выраз у інтэрнэце – “сабраць трактар”, гэта значыць, падрыхтавацца да пераезду ў іншую краіну”, – заявіў адзін з рэспандэнтаў. “Як заўсёды, Пуціна зноў выбралі. Гэта ўжо банальна”, – дадаў іншы ўдзельнік апытання.

Паводле аператыўных звестак Цэнтрвыбаркаму Расеі, на 05.50 маскоўскага часу 5 сакавіка (04.50 менскага) паводле вынікаў апрацавання 95,49 % пратаколаў участковых выбарчых камісіяў Уладзімір Пуцін атрымаў 64,26 % галасоў. На другім месцы – лідар Кампартыі Расеі Генадзь Зюганаў (17,13 %), на трэцім – беспартыйны алігарх Міхаіл Прохараў (7,44 %), на чацвёртым – старшыня Ліберальна-дэмакратычнай партыі Уладзімір Жырыноўскі (6,25 %), на апошнім пятым – лідар партыі “Справядлівая Расея”, былы спікер Савету Федэрацыі Федэральнага сходу Сяргей Міронаў (3,80 %).

Згодна з папярэднімі звесткамі, яўка склала 64 %.

belsat.eu

Стужка навінаў