Амбасадар Расеі – за «бескампрамісны дыялог»


Амбасадар Расеі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў мяркуе, што амбасадарам Еўразвязу і Міністэрству замежных справаў Беларусі трэба “менш нервавацца” і больш імкнуцца да дыялогу. Такую думку ён выказаў 4 сакавіка ў Менску, дзе ў расейскай амбасадзе адкрыўся адзін з васьмі ўчасткаў для галасавання на выбарах прэзідэнта Расеі.

Паводле Сурыкава, дыялог заўсёды дае больш, чым яго адсутнасць. “Трэба менш нервавацца – і калегам з Еўразвязу, і МЗС Беларусі, і больш імкнуцца да дыялогу. Амбасадарам Еўразвязу трэба напрошвацца ў беларускі МЗС на адкрыты бескампрамісны дыялог. Ёсць рознагалоссі, але ёсць і пытанні, у якіх можна знайсці кампраміс. Са свайго боку, беларускаму МЗС трэба паслоў запрашаць. Тыя, хто не ідзе насустрач адзін аднаму, нікуды не прыходзяць”, – заявіў Сурыкаў.

Ён зазначыў, што ад новага прэзідэнта Расеі чакае працягу канструктыўнай супрацы ў межах Мытнага саюзу і Саюзнай дзяржавы Беларусі ды Расеі, яго паглыблення ў сферы эканомікі, сумяшчэння падатковага заканадаўства, збліжэння ва ўзроўні жыцця. “Мы чакаем дзелавой цвёрдай працы, скіраванай на павышэнне дабрабыту нашых народаў і ўмацаванне інтэграцыйных сувязяў”, – падкрэсліў амбасадар.

belsat.eu

Стужка навінаў