Лукашэнка зноў пагражае Еўропе


Кіраўнік Беларусі ўсцяж бачыць тэрытарыяльную пагрозу з боку Польшчы, просіць «не нахіляць», разважае на тэму гомасексуальных адносінаў і ўспамінае, як «мы выратавалі свет» ад нацызму.

«Ну, калі аднаму нашаму суседу карціць, зразумела. Я ж кажу, што там мапы ўжо намаляваныя да Менску, там ужо тэрыторыя Польшчы. Зразумела, трэба неяк гэтыя малюнкі падтрымліваць, падмацоўваць, апраўдваць. Таму і ідуць такія заявы. Я толькі не ведаю, якое дачыненне гэтыя палітыкі маюць да польскага народу або польскі народ да гэтых палітыкаў. Гэта наогул чужыя людзі для Польшчы. Ясна, чыю палітыку яны сёння праводзяць. Гэтыя людзі – не палякі, яны чужыя польскаму народу», – упэўнены Лукашэнка.

«Што тычыцца іншага, ці то ружовага, ці то блакітнага, які там пра дыктатуру крычаў… Пачуўшы гэта, я падумаў: лепш быць дыктатарам, чымся блакітным. Але Бог з ім, пытанне ў іншым: мы ўсе памятаем сярэдзіну мінулага стагоддзя, і што свет атрымаў ад іхнай дыктатуры. Наш народ яшчэ не апамятаўся дагэтуль. Таму не ім нас папракаць наконт нейкай дыктатуры. Я на гэту тэму наогул разважаць не хачу», – сказаў кіраўнік Беларусі.

«Мяне ў свой час здзівіла, наколькі кіраўнікі ў Нямеччыне (10–15 гадоў таму) трапятліва ставяцца да людзей, якія пацярпелі ў гады Другой сусветнай вайны. Усе кланяюцца, на калені становяцца, кветкі загінулым нясуць. Намі страчаная траціна свайго насельніцтва. Дык вы з намі яшчэ за гэта не разлічыліся. Што вы нас нахіляеце пастаянна? І я сёння зразумеў, што ўсё гэта было гульнёю з боку палітыкаў Нямеччыны. Калі б гэта была не гульня, яны б цанілі нас за тое, што мы не толькі свет выратавалі ад карычневай чумы, але і насельніцтва Нямеччыны. Гэта мяне больш за ўсё непакоіць: як жа так хутка можна было забыць усё гэта?» – абурыўся Лукашэнка.

Кажучы аб прадстаўніках Беларусі, якія трапілі пад санкцыі Еўразвязу, ён заявіў: «Яны пачалі ціск на суддзяў, і гэта не выпадкова. Гэта сігнал суддзям: глядзіце, будзеце не так судзіць, як хочуць у Бруселі або Вашынгтоне, значыць, мы вам візу не дадзім. Але суддзя залежны толькі ад аднаго – артыкулу закону, ён не мае права на іншае. За што ж судзіць суддзю?»

«Або трапілі там два міліцыянеры, – працягнуў Лукашэнка. – Гэта таксама сігнал: глядзіце, будзеце змагацца за стабільнасць Беларусі, будзеце гэтую «пятую калону» ў прытомнасць прыводзіць, мы вам таксама візу не дадзім».

«Гэта ўсё сігналы ў адным кірунку. Ім карціць разбурыць нашу стабільнасць і знішчыць нашу дзяржаву, зрабіць яе падручнай ува ўсіх адносінах», – рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.

«Мы ім гэтага дазволіць не можам. Таму мы будзем (я іх папярэдзіў загадзя) вельмі жорстка рэагаваць на іхныя гэтак званыя санкцыйныя захады. Што мы, дарэчы, і робім. Так бы зрабіла любая іншая дзяржава. Мы нікому жыць не перашкаджаем і перашкаджаць не будзем, але прымусім сябе паважаць», – паабяцаў Лукашэнка.

belsat.eu

Стужка навінаў