Выбары ў Расеі: элегантная перамога?


ЦІК агучыў афіцыйныя папярэднія вынікі выбараў. Паводле іх, Пуцін павялічвае адрыў ад сваіх апанентаў і мае ўжо 61.80% выбаршчыкаў. Генадзь Зюганаў – 17.82%, Уладзімір Жырыноўскі – 8%, Міхаіл Прохараў – 7.56 і Сяргей Міронаў – 3.67%

А на Манежнай плошчы ў Маскве сабралося каля 100 тысяч чалавек. Яны прыйшлі на “Мітынг пераможцаў”. Чакаецца, што да сваіх прыхільнікаў выйдзе і галоўны пераможца – Уладзімір Пуцін.

***
Толькі назіральнікі ад кандыдата Міхаіла Прохарава зафіксавалі каля 4000 тысяч парушэнняў.

“Асабліва цяжкая сітуацыя ў Санкт-Пецербургу і Маскоўскай вобласці. Мы зафіксавалі гэтыя парушэнні, будзем працаваць – набіраць інфармацыю неабходную для звароту ў суд. У любым выпадку я лічу, што мы перамаглі. Чаму? Бо зараз найбольш актыўныя і не абыякавыя людзі будуць фармаваць пасля гэтых выбараў новую палітычную сілу. Калі хтосці думае, што 4 сакавіка выбары скончыліся – яны памыляюцца. Бо людзі, якія галасуюць за мяне – гэта будучы кіруючы клас, што возьме адказнасць за тое, што адбываецца ў нашай краіне”. – заявіў палітык

***
Парушэнні выбарчага заканадаўства, укідванне бюлетэняў, «каруселі» ды іншыя спосабы «павышэння народнага падтрымання» Уладзіміра Пуціна фіксуюцца па ўсёй краіне.

Гэтак, тэлевядоўца і назіральніца Ксенія Сабчак ужо на двух участках сутыкнулася з новаю схемаю фальсіфікацыяў: «Падаюцца спісы людзей, якія нібыта не могуць адарвацца ад працы, таму галасуюць без «адмацавальных». Мы былі ў адной з гэтых арганізацыяў – там нікога няма. Насамрэч ёсць звесткі пра людзей, пазначаных у спісах, але яны да гэтай арганізацыі не належаць – там толькі адзін слесар, які ўвогуле нічога не ведае».

***
Украінскі жаночы рух «Femen» не забыўся пра расейскія выбары. Дзяўчыны зладзілі акцыю «Краду за Пуціна». Тры актывісткі распрануліся на адным з маскоўскіх выбарчых участкаў і паспрабавалі скрасці ўрны для галасавання, выкрыкваючы «Я краду за Пуціна» і «Пуціна злодзей». Дзяўчын даставілі ў пастарунак паліцыі.

***
У выбарах бяруць удзел прэм’ер-міністр краіны Уладзімір Пуцін, лідар расейскіх камуністаў Генадзь Зюганаў, старшыня Ліберальна-дэмакратычнай партыі Расеі Уладзімір Жырыноўскі, старшыня партыі «Справедливая Россия» Сяргей Міронаў і незалежны кандыдат, мільярдэр Міхаіл Прохараў.

Пасля выхаду з выбарчага ўчастку Сяргей Міронаў заявіў, што яму вядомыя вынікі экзіт-пулаў, аднак дзяліцца імі з журналістамі ён не стаў і зазначыў: «Я думаю, што не памылюся, калі скажу так: хутчэй за ўсё, расейцы сёння прагаласуюць за сініцу ў руцэ, а не за жураўля ў небе – вось мой прагноз».

Паводле сацыялагічных апытанняў, найбольшыя шанцы зрабіцца гэткаю «сініцаю» мае Уладзімір Пуцін, для якога гэта будзе ўжо трэці тэрмін на пасадзе кіраўніка дзяржавы. Нягледзячы на тое, што апазіцыя некалькі разоў збірала на дэманстрацыях дзясяткі тысячаў людзей у Маскве, свайго кандыдата яна не выстаўляла. Пакуль маніфестанты патрабуюць толькі празрыстых выбараў.

Адзін з лідараў гэтага грамадска-палітычнага руху Аляксей Навальны заклікае да дэманстрацыяў з палітычнымі ўмовамі. Ён прапанаваў разбіць у цэнтры сталіцы намётавае мястэчка і ўтрымліваць яго да задавальнення патрабаванняў. Пратэстоўцы патрабуюць правядзення новых парламенцкіх (а магчыма, і прэзідэнцкіх) выбараў, адстаўкі кіраўніка ЦВК і вызвалення палітзняволеных.

Волевыяўленне расейцаў і выбарчыя фальсіфікацыі скончацца а 20:00 паводле беларускага часу, калі закрыюцца ўчасткі ў Калінінградскай вобласці.

belsat.eu

Стужка навінаў