Лаўрэатам прэміі Ежы Гедройца стаў Павал Касцюкевіч


Сёння, 3 сакавіка, у Міжнародны дзень пісьменніка вызначыўся найлепшы беларускі празаік.

Пераможцам прызналі Паўла Касцюкевіча за кнігу прозы “Зборная Рэспублікі Беларусь па негалоўных відах спорту”. Другое месца – у Альгерда Бахарэвіча, “Малая медычная энцыклапедыя Бахарэвіча”, трэцяе – у Андрэя Федарэнкі, “Мяжа”.

Паводле спадара Касцюкевіча, гэта другое адзначэнне ягоных творчых заслуг. Першае ж адбылося, калі пісьменнік быў у трэцім класе. “Гэта не прэмія важная, а сама цікавасць да літаратуры. Зараз цікавасць да літаратуры пачала вяртацца – гэта самае важнае”, – кажа спадар Касцюкевіч.

Прэмію заснаваў Саюз беларускіх пісьменнікаў, беларускі ПЭН-Цэнтр і амбасада Польшчы ў Беларусі. Галоўная ўзнагарода – 105 мільёнаў рублёў.

У журы былі пісьменнікі Уладзімір Арлоў і Барыс Пятровіч, філосаф Валянцін Акудовіч, літаратурныя крытыкі Людміла Рублеўская і Маргарыта Аляшкевіч, перакладчык і старшыня Польскага ПЭН-Клубу Адам Паморскі, дырэктар Польскага інстытуту ў Менску Пётр Казакевіч і амбасадар Польшчы ў Беларусі Лешэк Шэрэпка – ганаровы старшыня журы.

belsat.eu

Стужка навінаў