Апытанне: Дзень міліцыі


Заўтра, 4 сакавіка, беларускія праваахоўнікі адзначаюць прафесійнае свята. Паводле звестак МУСу, ім ёсць чым ганарыцца. За леташні год, злачынстваў паменшала ажно на 6 %.

“Белсат” запытаўся ў менчукоў, ці адчулі яны рост эфектыўнасці працы міліцыі ды ці давяраюць праваахоўнікам увогуле.

“Нашая міліцыя – гэта толькі назва і не болей. Я кажу пра тое, што са мною адбывалася. Міліцыі патрэбнае рэфармаванне, бо ў людзей як было саўковае ўяўленне пра абарону парадку, так і засталося”, – кажа малады чалавек.

“Мая справа дагэтуль разглядаецца, я пацярпелы. Усё ніяк не могуць прыцягнуць да адказнасці вінаватага. Ужо тры з паловаю гады прайшло, і ніякага плёну”, – кажа мужчына.

“Мне здаецца, што ахоўвае нас. Бо ў сярэдзіне 90-х па вуліцам Менску было страшна прайсці ўвечары, а сёння моладзь і старэйшыя людзі адчуваюць сябе ў большай бяспецы”, – кажа наступны апытаны.

“У мяне ёсць сябры, што там служаць, – выдатныя людзі. Канечне, змагаюцца, я працую у Камітэце дзяржкантролю, таму ведаю”, – падзялілася жанчына.

“Маю добрае стаўленне да нашай міліцыі, бо нічога дрэннага з іх боку не адчувала. Аднойчы яны вельмі дапамаглі, калі мая дачка згубіла музычны інструмент у транспарце – у той момант я імі нават захаплялася. Яны робяць тое, што прадугледжвае закон, і нічога іншага”, – упэўненая чарговая апытаная.

“Арыштоўваюць тых, каго не трэба. Міліцыі вельмі шмат, але ж злачыннасць не змяншаецца ўвогуле”, – кажа чалавек сталага веку.

belsat.eu

Стужка навінаў