Ярмошына, Зімоўскі і Макей зробяцца мультперсанажамі ў новай перадачы “Белсату”


Пра беларускую рэчаіснасць з гумарам: на тэлеканале «Белсат» з’явілася новая праграма «Эксперт». Яе аўтар Юрый Хашчавацкі распавёў пра тое, як ствараецца праграма.

«Эксперт» складаецца з трох частак: ток-шоу з удзелам палітыкаў, агляд і аналіз дзяржаўных медыяў, а таксама раздзел пад назваю «Саюзны пыл». Вядуць праграму Даша Зялінская і анімацыйны персанаж Крумкач Менскі. Ёсць і іншыя маляваныя героі, што нагадваюць шмат каго з рэальных беларусаў.

– Ідэя стварыць такую праграму ўзнікла даўно, – кажа Юрый Хашчавацкі. – Але нялёгка было яе рэалізаваць. У тым ліку ў тэхнічным плане. Самі разумееце, праграму трэба, як гэта кажуць, «запакаваць» у цікавую і захапляльную форму. Тут жа і анімацыя, і мноства сюжэтаў, і персанажы-мульты, якія ўвесь час мяняюцца. У кожным новым выданні, дарэчы, з’яўляюцца два-тры новыя персанажы. Я мяркую, што вось такі фармат – з гумарам і сатыраю – цяпер найбольш пасуе гледачу, найбольш запатрабаваны. Бо людзі стаміліся ад усіх гэтых сур’ёзных размоваў, ад ток-шоу. Такім фарматам мы больш данясем да аўдыторыі – з іроніяй пра сур’ёзнае.

Разынкаю праграмы ёсць рэгулярнае з’яўленне ў ёй вядомага расейскага сатырыка і публіцыста Віктара Шандаровіча, дзякуючы добрым сяброўскім сувязям з ім Юрыя Хашчавацкага.

– Шандаровічу таксама цікава паназіраць за тымі працэсамі, якія ідуць у Саюзнай дзяржаве Расеі ды Беларусі – пад сваім сатырычным вуглом. Так узнікла ідэя з рубрыкаю «Постсавецкі пыл». Рабіць яе досыць складана, улічваючы, што ён жыве ў Маскве. Акрамя таго, ён папулярны, а таму заняты. Але пакуль Шандаровіч будзе ў кожным нашым выданні. Даводзілася ездзіць і ў Маскву на здымкі, але цяпер я знайшоў там сяброў – і яны гатовыя дапамагаць нашай праграме.

Увогуле над праграмаю працуе тузін чалавек. Будзе болей: Хашчавацкі кажа, што ідзе пошук яшчэ аднаго вядоўцы.

Мультыплікацыйных персанажаў стварае мастак Аляксандр Дубравін.

– Дарэчы, мы не робім нейкіх абразлівых пародыяў, – заўважае Юрый Хашчавацкі. – Вось, напрыклад, персанаж, які падобны да Паўла Якубовіча. Але ніякага здзеку там няма. У нас яшчэ з’явіцца Аляксандр Зімоўскі, кіраўнік БТ, Лідзія Ярмошына абавязкова, кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Уладзімір Макей, нават Эмір Кустурыца… То бок любы чалавек, так ці іначай звязаны з афіцыйнаю беларускаю ўладаю, дзяржаўнымі сродкамі масавай інфармацыі, мае шанец трапіць у нашу, я б так сказаў, гумарыстычную гістарыяграфію.

Юрый Хашчавацкі падкрэслівае, што праграма будзе адсочваць усё самае надзённае:

– Але ўлічваючы, што мы не аператыўная інфармацыйная праграма, то мэты даваць імгненна ў эфір нашыя сюжэты не ставілі. Ды і не зможам гэтага зрабіць тэхналагічна. Але ў аналітычным полі мы можам быць больш глыбокімі ды зразумелымі. Праз той самы гумар. Хаця, зразумела, у нас ёсць і цалкам сур’ёзныя кавалкі. Вось тэма выбараў, напрыклад. Тры прэтэндэнты на прэзідэнцтва ў нас ужо выступілі, на падыходзе інтэрв’ю з астатнімі.

Першыя выданні «Эксперта» глядзіце онлайн тут:

Глядзі таксама
Каментары